Рада кардыналаў абмеркавала ролю жанчын у Касцёле
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як паведаміла Зала друку Апостальскай сталіцы з прэзентацыямі і дакладамі выступілі сястра Лінда Почар і два эксперта: Валянціна Ратондзі і Даната Хорак. Ратондзі – прафесар Швейцарскага ўніверсітэта прыкладных навук і мастацтва, даследчыца ў галіне сацыялогіі Оксфардскага ўніверсітэта і Міланскага цэнтра нейранавук. Яна прадставіла “бачанне эканомікі, заснаванай на клопаце і эфектыўным кіраванні ў кантэксце глыбокіх адносін паміж пакаленнямі”.
Даната Хорак – прафесар кананічнага права Тэалагічнага інстытута Альбероні ў П'ячэнцы, афіліяваным з Папскім універсітэтам святога Тамаша Аквінскага. Яе даклад быў прысвечаны “розным антыноміям, такім як справядлівасць і міласэрнасць, кансультатыўная ўлада і дырэктыўная ўлада, іерархічны прынцып і эклезіялогія камуніі, дэмакратызацыя і манархічная мадэль у кантэксце больш шырокага асэнсавання кананічнага права”.
Сваімі ўражаннямі ад першага дня сесіі падзяліліся з ватыканскімі СМІ два ўдзельнікі. Кардынал Фрыдалін Амбонга Бесунгу, арцыбіскуп Кіншасы з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, нагадаў, што Рада кардыналаў у чацвёрты раз прысвяціла сесію ролі жанчын у Касцёле. Больш за палову вернікаў складаюць жанчыны, але калі глядзець на абавязкі, якія яны выконваюць, "іх няшмат", - адзначыў іерарх. Рада кардыналаў добра разумее, што гэтыя абавязкі павінны пашырацца, але не ў "ваяўнічым" сэнсе, а выключна таму, што, як кажа Папа, "Касцёл – гэта жанчына", і існуе "мацярынства", якое неабходна цаніць у касцёльнай супольнасці.
Кардынал Освальд Грасіяс, арцыбіскуп-мітрапаліт Мумбая, пагадзіўся з тым, што ролю жанчын неабходна ўзмацніць. "Я родам з Індыі, дзе ў некаторых раёнах жанчыны не граюць вялікай ролі, да іх ставяцца як да людзей другога гатунку, таму Касцёл працуе над тым, каб гарантаваць жанчынам годнае становішча ў сям'і, у грамадстве, у палітыцы", - сказаў іерарх. Ён падкрэсліў, што кананічнае права Касцёла мае “шмат магчымасцяў" для вызначэння ролі жаночага лідарства ў Касцёле. Жанчыны падыходзяць да вырашэння праблем “з такога пункту гледжання, які мужчыны не ўлічваюць”, - сказаў кардынал Грасіяс, выказваючы спадзяванне, што тэма жаночага лідарства атрымае сваё развіццё.
На другі дзень сесіі перад удзельнікамі выступілі кардыналы О'Мэлі і Грасіяс. Першы распавёў пра працу Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, другі – пра дзейнасць Біскупскіх канферэнцый у гэтым кірунку. Абмяркоўвалася таксама становішча ў розных частках свету, з асаблівай увагай да канфліктаў, якія адбываюцца ў цяперашні час.
Наступнае пасяджэнне Рады кардыналаў запланавана на снежань 2024 года.