Святы Айцец узначаліў пасяджэнне Рады кардыналаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У 2024 годзе сустрэча Францішка з кардыналамі-дарадчыкамі праходзіць ужо ў трэці раз. Папярэднія дзве сесіі мелі месца ў лютым і красавіку. На першай з іх гаворка ішла аб ролі жанчын у Касцёле, бягучых сінадальных працэсах, евангелізацыі і іншых актуальных праблемах.
Падчас красавіцкага пасяджэння члены Рады працягнулі разважанне аб ролі жанчын у Касцёле, пазнаёміліся з справаздачай аб Сінодзе, паразмаўлялі аб рэалізацыі апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium у дыяцэзіяльных курыях і выслухалі даклады кожнага кардынала аб сацыяльнай, палітычнай і эклезіяльнай сітуацыі ў рэгіёнах свету, якія яны прадстаўляюць. Падчас сесіі гучалі спасылкі, а ў некаторых выпадках і малітва, якія тычыліся войнаў і канфліктаў у многіх месцах па ўсім свеце, асабліва на Блізкім Усходзе і ва Украіне.
У склад Рады кардыналаў пасля яе абнаўлення Пантыфікам 7 сакавіка 2023 года ўваходзяць кардыналы: П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы; Фернанда Вергес Альсага, старшыня Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан і Губернатарата Дзяржавы Ватыкан; Фрыдалін Амбонга Бесунгу, арцыбіскуп Кіншасы з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга; Освальд Грасіяс, арцыбіскуп Мумбая з Індыі; Шон Патрык О’Мэлі, арцыбіскуп Бостана з ЗША; Хуан Хасэ Амэлья-і-Амэлья, арцыбіскуп Барселоны з Іспаніі; Жэрар Лакруа, арцыбіскуп Квебека з Канады; Жан-Клод Олерыш, арцыбіскуп Люксембурга; Серджыу да Роша, арцыбіскуп Сан-Салвадора-да-Бая з Бразіліі. Сакратаром Рады з'яўляецца італьянскі біскуп Марка Мэліна.