Святы Айцец: грошы павінны служыць, а не кіраваць

Сацыяльнае вучэнне Касцёла можа стаць компасам этычнай фінансавай дзейнасці, адзначыў Папа, звяртаючыся да эканамістаў, якіх прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

3 чэрвеня 2024 года Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў сустрэчы Дыялог дзеля інтэгральнай устойлівасці фінансаў, арганізатарам якой выступіў Фонд Centesimus Annus Pro Pontifice.

У сваёй прамове Папа падкрэсліў важнасць дыялогу такіх бакоў, як фінансы, гуманізм і рэлігіі. Ён ухваліў працу, праведзеную Фондам Centesimus Annus ў дыялогу з італьянскай фінансавай сістэмай, якая мае старажытную гісторыю. У якасці прыкладу Францішак узгадаў інстытут Monti di Pietà, які аказваў фінансавую дапамогу бедным, дазваляючы ім працаваць і забяспечваць сабе годнае жыццё.

Святы Айцец зазначыў, што быў уражаны высакароднай задачай удзельнікаў дыялогу - аб'яднаць фінансавую эфектыўнасць з этыкай і інклюзіўнасцю, з абавязацельствам рабіць дабро. Ён падкрэсліў, што сацыяльнае вучэнне Касцёла можа стаць у гэтым компасам.

Папа праілюстраваў свае словы прыкладам з гісторыі: у XVI стагоддзі гандаль воўнай у Іспаніі быў квітнеючым рынкам. Іспанскія тэолагі даследавалі гэтую з’яву і далі ёй сваю этычную ацэнку. Калі фландрская вайна прывяла да эксплуатацыі тых, хто працаваў у сектары вытворчасці воўны, тэолагі, грунтуючыся на глыбокім веданні эканамічных працэсаў, асудзілі несправядлівасць і запатрабавалі канкрэтных дзеянняў дзеля агульнага дабра.

Францішак нагадаў удзельнікам сустрэчы пра вялікую адказнасць, якую ўскладае на іх разуменне фінансавых працэсаў. У заключэнне ён падкрэсліў, што “грошы павінны служыць, а не кіраваць” (Evangelii gaudiu, 58), і заклікаў спрыяць зруху парадыгмы ў бок новай этычнай і духоўнай фінансавай культуры.

03 чэрвеня 2024, 12:05