Францішак: народы прагнуць міру
Марыя Валодзіна - Vatican News
У сваім лісце на імя мансеньёра Жака Абера, біскупа Баё і Лізьё, Папа выказаў сваю духоўную блізкасць да ўсіх, хто сабраўся ў саборы Баё, каб адзначыць 80-годдзе высадкі саюзных войскаў у Нармандыі. Ён прывітаў прадстаўнікоў грамадзянскіх, рэлігійных і вайсковых уладаў і нагадаў аб "каласальных і ўражлівых” сумесных намаганнях у імя свабоды, а таксама аб цане, заплачанай за гэтыя намаганні: жыцці страцілі шматлікія маладыя салдаты, пахаваныя на велізарных могілках. Францішак узгадаў таксама разбурэнні, выкліканыя той вайной: цалкам разбураныя гарады і незлічоныя нявінныя ахвяры сярод грамадзянскага насельніцтва.
Папа катэгарычна асудзіў магчымасць новых сусветных канфліктаў, з сумам адзначаючы, што памяць аб мінулым згасае. “Калі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў памяць аб мінулых памылках падтрымлівала цвёрдую гатоўнасць зрабіць усё магчымае, каб прадухіліць новы адкрыты сусветны канфлікт, я з сумам канстатую, што сёння гэта ўжо не так і што ў людзей кароткая памяць”, - напісаў ён.
Пантыфік выказаў занепакоенасць тым, што сёння зноў разглядаецца гіпотэза агульнага канфлікту, “што народы паступова прывыкаюць да гэтай непрымальнай магчымасці”. Ён паўтарыў, што “народы прагнуць міру”, стабільнасці, бяспекі і росквіту. Ён асудзіў ідэалагічныя, нацыяналістычныя і эканамічныя амбіцыі, якія падрываюць мір. “Гэта сур'ёзная віна перад людзьмі і гісторыяй, грэх перад Богам”, - перакананы Францішак.
Святы Айцец далучыўся да малітвы за тых, хто распальвае, падтрымлівае і падаўжае войны, просячы, каб Бог асвяціў іх сэрцы і дазволіў ім зразумець пакуты, якія яны прычыняюць. Папа таксама далучыўся да малітвы за міратворцаў, каб іх намаганні ўвянчаліся поспехам, і за ахвяр мінулых і сучасных войнаў, каб Бог прыняў тых, хто загінуў у гэтых жудасных канфліктах, і дапамог тым, хто пакутуе ад іх сёння. “Бедныя і слабыя, пажылыя людзі, жанчыны і дзеці заўсёды з'яўляюцца першымі ахвярамі гэтых трагедый”, - нагадаў Папа, просячы аб заступніцтве святога Міхаіла, апекуна Нармандыі, і Панну Марыю, Каралеву міру.