Вокладка кнігі з выказваннямі Францішка аб дэмакратыі Вокладка кнігі з выказваннямі Францішка аб дэмакратыі 

Францішак шкадуе аб шырокім скептыцызме адносна дэмакратыі

Папа шкадуе аб шырока распаўсюджаным "скептычным стаўленні да дэмакратыі". У прадмове да кнігі, апублікаванай 6 ліпеня 2024 года, ён называе гэты сучасны феномен "небяспечнай хваробай".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Цяжкасці дэмакратыі ў барацьбе са складанасцямі сучаснасці часам саступаюць месца прынадзе папулізму”, - літаральна піша Папа. Існуе “вялікая і бясспрэчная каштоўнасць, уласцівая дэмакратыі”, а менавіта “адзінства”.

Ключавое слова ўдзел Пантыфік называе цэнтральным для дэмакратыі. “Праблемы, з якімі мы сутыкаемся, – гэта праблемы ўсіх і яны закранаюць кожнага. Дэмакратычны шлях – гэта сумеснае іх абмеркаванне і свядомасць таго, што гэтыя праблемы можна вырашыць толькі разам”. Калі спытацца, дзе ляжыць "сэрца дэмакратыі", адказ гучыць так: "Разам лепш, таму што ў адзіночку горш. Разам добра, таму што ў адзіночку сумна. Разам азначае, што адзін плюс адзін – гэта не два, а тры".

Францішак заклікае да ўдзелу ў дэмакратычных працэсах. “Рызыка – гэта спрыяльная глеба, на якой прарастае свабода”. Сядзець на балконе і пасіўна назіраць за тым, што адбываецца вакол нас, “не толькі неэтычна, але і неразумна”.

У тэксце Святы Айцец таксама вызначае некаторыя выклікі, з якімі сёння павінна змагацца дэмакратычнае грамадства, у тым ліку беспрацоўе, прыём і інтэграцыя мігрантаў і нізкі ўзровень нараджальнасці. Ён працягвае: “Давайце таксама падумаем аб рашэнні для сапраўднай мірнай палітыкі, якая ставіць на першае месца мастацтва перамоў, а не пераўзбраенне”.

Гэтыя думкі гучаць у прадмове да кнігі У сэрцы дэмакратыі, у якой сабраны выказванні Францішка на тэму дэмакратыі. Яна ўбачыць свет ў бліжэйшую нядзелю, 7 ліпеня 2024 года, у якасці бясплатнага дадатку да штодзённай газеты Il Piccolo, якая выходзіць у Трыесце. Менавіта ў гэты дзень Папа збіраецца наведаць з кароткім візітам італьянскі партовы горад.
 

06 ліпеня 2024, 10:29