Святая Разалія Святая Разалія 

Папа да Касцёла Палерма: устаць і быць маяком новай надзеі

З нагоды заканчэння юбілейнага года, прысвечанага 400-годдзю адкрыцця рэліквій нябеснай апякункі Палерма святой Разаліі, Францішак напісаў пасланне да мясцовага Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Жыццё хрысціяніна, як у часы, калі жыла наша панна-пустэльніца, так і ў нашы дні, пастаянна пазначана крыжам. Хрысціяне – гэта тыя, хто заўсёды любіць, але часта ў абставінах, калі любоў не разумеецца ці нават адкідаецца. Таксама і сёння гаворка ідзе пра выбар супраць плыні, бо Той, Хто ідзе за Хрыстом, закліканы засвоіць логіку Евангелля, якой ёсць надзея, вызваліць у сваім сэрцы месца для любові, каб дарыць яе іншым”, - напісаў Святы Айцец.

Францішак заклікаў мясцовых вернікаў сведчыць аб “прыгожым абліччы” сваёй зямлі, “багатай гісторыяй, культурай і глыбокай верай”, і заахвоціў, услед за святой Разаліяй, “адмовіцца ад празмернага”, каб прапанаваць гэта сваім бліжнім.

“Майце мужнасць перад абліччам выклікаў, якія ўсё яшчэ стаяць на шляху адраджэння гэтага горада, шлях якога абцяжараны шматлікімі праблемамі, сярод якіх ёсць і вельмі балючыя. Адважна паглядзі на Таго, хто ёсць Міласэрнасцю, у чыіх вачах пакуты Яго народа не застаюцца нябачнымі (...). Ён ведае наш смутак і гатовы выліць бальзам суцяшэння, які лечыць і дае новы імпульс”, - падкрэсліў Папа, заклікаючы Касцёл Палерма ўстаць і “быць маяком новай надзеі”.
 

08 ліпеня 2024, 14:57