Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Папа да маладых румынаў: не будзьце рабамі мабільных тэлефонаў

Карыстайцеся сацыяльнымі сеткамі, але не станавіцеся рабамі мабільных тэлефонаў, - з такім заклікам Францішак звярнуўся да маладых католікаў з румынскай дыяцэзіі Ясы, якія ў маі напісалі да яго ліст.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа заклікаў адрасатаў быць “носьбітамі надзеі і будаўнікамі мастоў, выкарыстоўваючы ўсе наяўныя ў іх сродкі, каб распаўсюджваць дабрыню і любоў у свеце”.

Пантыфік заахвоціў моладзь адважна і творча выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі, перадаючы ў іх “каштоўнасці, якія будуюць: сяброўства, мір, дыялог паміж этнічнымі групамі і культурамі, сям’ю і хрысціянскія якасці”.

“Ідзіце ў свет, сустракайцеся з людзьмі, слухайце іх гісторыі, глядзіце ў вочы сваім братам і сёстрам. Сапраўднае багацце заключаецца ў міжасабовых адносінах, якія перажываюцца кожны дзень, у прамым і шчырым кантакце”, - сцвердзіў Францішак.

Ён таксама запрасіў маладых румынаў прыняць удзел у Нацыянальнай моладзевай сустрэчы, якая пройдзе ў верасні недалёка ад Брашова. “Яна стане каштоўнай магчымасцю ўзрастаць разам у веры, дзяліцца досведам і ўмацоўваць свой хрысціянскі шлях”, - напісаў Святы Айцец.

Францішак папрасіў моладзь маліцца за яго, адзначыўшы, што іх “духоўная падтрымка з’яўляецца бясцэнным дарам”, які дапамагае яму служыць Касцёлу і чалавецтву.
 

06 ліпеня 2024, 10:07