Папа да маладых румынаў: не будзьце рабамі мабільных тэлефонаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа заклікаў адрасатаў быць “носьбітамі надзеі і будаўнікамі мастоў, выкарыстоўваючы ўсе наяўныя ў іх сродкі, каб распаўсюджваць дабрыню і любоў у свеце”.
Пантыфік заахвоціў моладзь адважна і творча выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі, перадаючы ў іх “каштоўнасці, якія будуюць: сяброўства, мір, дыялог паміж этнічнымі групамі і культурамі, сям’ю і хрысціянскія якасці”.
“Ідзіце ў свет, сустракайцеся з людзьмі, слухайце іх гісторыі, глядзіце ў вочы сваім братам і сёстрам. Сапраўднае багацце заключаецца ў міжасабовых адносінах, якія перажываюцца кожны дзень, у прамым і шчырым кантакце”, - сцвердзіў Францішак.
Ён таксама запрасіў маладых румынаў прыняць удзел у Нацыянальнай моладзевай сустрэчы, якая пройдзе ў верасні недалёка ад Брашова. “Яна стане каштоўнай магчымасцю ўзрастаць разам у веры, дзяліцца досведам і ўмацоўваць свой хрысціянскі шлях”, - напісаў Святы Айцец.
Францішак папрасіў моладзь маліцца за яго, адзначыўшы, што іх “духоўная падтрымка з’яўляецца бясцэнным дарам”, які дапамагае яму служыць Касцёлу і чалавецтву.