Пошук

Папа: камунія і цвярозасць – незаменныя каштоўнасці хрысціяніна

Камунія і цвярозасць з'яўляюцца важнымі каштоўнасцямі хрысціянскага жыцця, незаменнымі каштоўнасцямі місіянерскага Касцёла, - падкрэсліў Пантыфік перад малітвай Анёл Панскі, якую правёў 14 ліпеня 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Каментуючы евангельскі ўрывак пра місію дванаццаці апосталаў (пар. Мк 6, 7-13), Папа падкрэсліў, што Езус выслаў іх “па двое”, разам, наказаўшы браць у дарогу толькі самае неабходнае.

“Евангелле абвяшчаюць не ў адзіночку, а разам, у супольнасці, таму важна захоўваць цвярозасць: умець цвяроза карыстацца рэчамі, дзяліцца рэсурсамі, здольнасцямі і дарамі, абыходзіцца без лішняга. Чаму? Каб быць свабоднымі. Лішнія рэчы робяць нас рабамі. І каб у кожнага было ўсё неабходнае для годнага жыцця і актыўнага ўдзелу ў місіі. Быць цвярозымі ў думках і пачуццях, адмаўляючыся ад прадузятасці і нягнуткасці, якія, падобна непатрэбнаму багажу, абцяжарваюць нас і перашкаджаюць рухацца наперад, каб замест гэтага спрыяць абмеркаванню і слуханню і, такім чынам, рабіць сведчанне больш эфектыўным”, - сказаў Святы Айцец.

“Давайце падумаем, напрыклад, пра тое, што адбываецца ў нашых сем'ях і супольнасцях: калі мы здавольваемся неабходным, нават малым, з Божай дапамогай мы можам ісці наперад і ладзіць, дзелячыся тым, што маем, адмаўляючыся ад чагосьці і падтрымліваючы адзін аднаго (пар. Дз 4, 32-35)”, - заахвоціў Папа, дадаючы, што “сям'я або супольнасць, якія жывуць такім чынам, ствараюць вакол сябе атмасферу, багатую любоўю, у якой лягчэй адкрыцца веры і навізне Евангелля і ў якой чалавек адчувае сябе лепш, спакайней”.

“З іншага боку, калі кожны ідзе сваім шляхам, калі ў разлік прымаюцца толькі матэрыяльныя даброты, якіх ніколі не бывае дастаткова, калі ніхто не слухае, калі пераважаюць індывідуалізм і зайздрасць, (зайздрасць - смяротная рэч, яд!) атмасфера становіцца затхлай, жыццё – невыносным, а сустрэчы становяцца хутчэй падставай для турботы, нуды і засмучэння, чым для радасці” (пар. Мц 19, 22), - папярэдзіў Пантыфік.

“Дарагія браты і сёстры, камунія і цвярозасць з'яўляюцца важнымі каштоўнасцямі нашага хрысціянскага жыцця, камунія, гармонія паміж намі і цвярозасць - важныя каштоўнасці, незаменныя каштоўнасці місіянерскага Касцёла на ўсіх узроўнях”, - нагадаў Францішак.

Папа заклікаў слухачоў спытаць сябе: Ці адчуваю я задавальненне ад абвяшчэння Евангелля? Ці прыношу я туды, дзе жыву, радасць і святло, якія нараджаюцца ад сустрэчы з Панам? Дзеля гэтага ці згаджаюся я ісці разам з іншымі, дзяліцца з імі ідэямі і здольнасцямі, з адкрытым розумам і шчодрым сэрцам? І, нарэшце, ці здольны я весці цвярозы лад жыцця і клапаціцца аб патрэбах братоў і сясцёр?

Францішак заклікаў Марыю дапамагчы нам стаць сапраўднымі вучнямі-місіянерамі ў камуніі, у гармоніі з іншымі і ў цвярозасці жыцця.

14 ліпеня 2024, 12:12

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >