Папа прызначыў легата на ўрачыстасці ў Бярдзічаве
Марыя Валодзіна – Vatican News
Урачыстасці, у якіх прыме ўдзел прадстаўнік Святога Пасада, прымеркаваныя да завяршэння агульнанацыянальнай пілігрымкі ўкраінскіх католікаў у нацыянальны марыйны санктуарый.
У папскім лісце, апублікаваным Залай Друку Апостальскай Сталіцы 13 ліпеня 2024 года, нагадваецца, што святыня, якая знаходзіцца пад апекай кармелітаў босых, атрымала статус нацыянальнага санктуарыя ў 2011 годзе, але традыцыя пілігрымак туды шматвяковая. Яна ўзыходзіць да першай паловы XVII стагоддзя, калі ў 1630 годзе кіеўскі ваявода Януш Тышкевіч у знак падзякі за вызваленне ад татараў заснаваў у Бярдзічаве кляштар і ахвяраваў яму абраз Маці Божай Снежнай, створаны ў XVI стагоддзі. Неўзабаве гэты абраз сталі ўшаноўваць вернікі з усёй краіны.
"Заахвочвайце ўсіх удзельнікаў гэтага мерапрыемства нястомна маліць Уладарку міру аб спыненні вайны ва Украіне і ва ўсіх частках свету, каб яны бралі прыклад з благаслаўлёнай сярод жанчын, бо яна найбольш даспадобы Богу, Які рассейвае тых, хто пыхлівы сэрцам, і ўзвышае пакорных” (пар. Лк 1,м51-52), - напісаў Францішак кардыналу Параліну.
Напрыканцы ліста Папа просіць свайго легата несці яго благаслаўленне, а таксама "добразычлівасць і блізкасць у гэты надзвычай цяжкі для дарагога народа Украіны час".
Паведамляецца таксама, што суправаджаць Дзяржаўнага сакратара будуць айцец Руслан Міхалкоў, рэктар семінарыі Кіеўска-Жытомірскай дыяцэзіі, і айцец Андрэй Ляховіч, сакратар Львоўскага Мітрапаліта лацінскага абраду.