Папа запрашае маліцца за душпастыраў, якія апякуюцца хворымі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
2 ліпеня 2024 года Сусветная малітоўная сетка апублікавала відэа, у якім Францішак асабіста абвяшчае і тлумачыць сваю інтэнцыю на ліпень. Запрашэнне Святога Айца да малітвы ўсяго Касцёла з’яўляецца спосабам паказаць, што намашчэнне хворых – гэта сакрамэнт супольнасці і адносін.
“У час болю і хваробы мы не самотныя: святар і тыя, хто прысутнічае падчас намашчэння хворых, прадстаўляюць усю хрысціянскую супольнасць, якая, як адзінае цела, збіраецца вакол людзей, якія пакутуюць, і іх сем’яў, сілкуючы іх веру і надзею, падтрымліваючы іх малітвай і братэрскай цеплынёй”, - сказаў Папа ў лютым 2014 года перад тысячамі вернікаў на агульнай аўдыенцыі, прысвечанай гэтаму сакрамэнту.
“Давайце памятаць пра тое, што намашчэнне хворых – гэта адзін з “сакрамэнтаў аздараўлення”, “лячэння”, які ацаляе дух”, - заклікаў Францішак у сённяшнім відэа.
Гэты сакрамэнт гарантуе блізкасць Езуса да болю цяжкахворых і пажылых людзей, палягчэнне іх пакут і прабачэнне грахоў, але ён не павінен параўноўвацца з цудам аздараўлення цела або блізкай смерцю.
Ролік, які суправаджае словы Францішка, быў зняты ў дзвюх дыяцэзіях ЗША: у Алентауне, штат Пенсільванія, і ў Лос-Анджэлесе, штат Каліфорнія. Ён дэманструе розны кантэкст удзялення сакрамэнту.
У відэа, створаным камандай прафесіяналаў з архідыяцэзіі Лос-Анджэлеса, пераплятаюцца дзве гісторыі, здавалася б, зусім розныя па ўзросце і клінічнай сітуацыі хворага, але аб'яднаныя ласкай сакрамэнту і вялікай любоўю блізкіх, якія сабраліся вакол таго, хто яго атрымлівае.
“Молімся аб тым, каб сакрамэнт намашчэння хворых даваў моц Пана людзям, якія яго прымаюць, і іх блізкім і штораз больш станавіўся для ўсіх бачным знакам спачування і надзеі”, - агучыў Папа сваю інтэнцыю на ліпень.