Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне. Ілюстрацыйнае фота Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папа: жыццё, якое дае Езус, заслугоўвае таго, каб яго пражыць

Святы Айцец напісаў да ўдзельнікаў і арганізатараў XXI Лацінаамерыканскай сустрэчы нацыянальных душпастыраў моладзі, якая праходзіць у парагвайскім Асунсьёне пад дэвізам: Кажу табе, устань!

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Маладосць – гэта этап жыцця, які звычайна характарызуецца натуральным аптымізмам, энергіяй і надзеяй. Дазвольце Хрысту перамяніць ваш натуральны аптымізм у любоў, якая ўмее ахвяраваць сабой, шчырую, сапраўдную і непадробную. У такім выпадку ваша маладосць будзе дарам для Езуса і для свету, а ваша жыццё застанецца годным і плённым”, - звярнуўся Францішак да падапечных моладзевых душпастыраў.

Папа заклікаў маладых людзей не баяцца і дазволіць Хрысту ўвайсці ў іх жыццё, “шырока адчыніць Яму дзверы свайго сэрца, бо новае жыццё, якое паходзіць ад Яго, не мае сабе роўных і заслугоўвае таго, каб яго пражыць”.

Ён даручыў лацінаамерыканскую моладзь Найсвяцейшай Панне Марыі. “Няхай яна спадарожнічае вашым крокам і заступаецца за вас з мацярынскай любоўю, каб разам з дзецьмі, дарослымі і пажылымі людзьмі, у камуніі паміж пакаленнямі, вы заставаліся галоўнымі героямі ва ўсё больш сінадальным, вучнёўскім і місійным Касцёле”, - напісаў Францішак.

Ён шчыра запрасіў адрасатаў свайго паслання “з радаснай надзеяй” падысці да святкавання надыходзячага Юбілею 2025 года.
 

17 ліпеня 2024, 11:36