Святы Айцец сустрэўся з мігрантамі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Францішак сустрэўся з сенегальцам Ібрагімам Ло і гамбійцам Эбрымам Куятэхам. Абодва трапілі ў Італію праз Лівію і напісалі пра свае падарожжы кнігі. Эбрыма Куятэх назваў свой аповед Мой голас. Ад берагоў Афрыкі да вуліц Еўропы. (La mia voce. Dalle rive dell’Africa alle strade dell’Europa). Кніга Ібрагіма Ло выйшла пад загалоўкам Хлеб і вада. З Сенегала ў Італію праз Лівію (Pane e acqua. Dal Senegal all’Italia passando per la Libia).
Мігрантаў суправаджалі заснавальнік выратавальнай арганізацыі Mediterranea Saving Humans Лука Казарыні, ксёндз Маціа Ферары, які ў якасці капелана ўдзельнічае ў выратавальных місіях, а таксама супрацоўнікі і валанцёры арганізацый, якія дапамагаюць мігрантам у Італіі. На сустрэчы прысутнічаў таксама малады камерунец Пата, які ўжо сустракаўся з Францішкам у лістападзе 2023 года. Ён страціў жонку і дачку ў пустыні паміж Тунісам і Лівіяй, куды іх вывезлі без ежы і вады, пакінуўшы паміраць ад смагі.
Пантыфік выслухаў гісторыі двух афрыканцаў, пасля чаго падзякаваў усім прысутным за тое, што яны робяць, і заклікаў працягваць іх дзейнасць.
Гэта не першая сустрэча Папы з мігрантамі, якіх ратуе арганізацыя Казарыні. У 2023 годзе ён ужо прымаў іх у сваёй рэзідэнцыі двойчы: 21 ліпеня і 17 лістапада.