Пошук

Анёл Панскі: Унебаўзяцце Марыі і наша падарожжа да вечнасці

15 жніўня 2024 года, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Папа звярнуўся да вернікаў з традыцыйнай малітвай Анёл Панскі. Ён засяродзіў увагу на вобразе Багародзіцы як падарожніцы і заклікаў хрысціян разглядаць сваё жыццё як падарожжа да Бога.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак нагадаў пра эпізод з Евангелля, калі Марыя, атрымаўшы вестку ад анёла, адразу ж выправілася ў дарогу да сваёй стрыечнай сястры Альжбеты (Лк 1, 39-56). Ён звярнуў увагу на прыгажосць евангельскага выразу: "паспяшыла" (Лк 1, 39): Марыя не ўспрыняла вестку ад Анёла як прывілей, а наадварот, пакінула дом і выправілася ў дарогу, спяшаючыся падзяліцца радасцю з іншымі і жадаючы паслужыць сваёй стрыечнай сястры.

Святы Айцец адзначыў, што гэта першае падарожжа стала метафарай усяго жыцця Багародзіцы. З таго моманту Яна заўсёды будзе ў дарозе, ідучы за Езусам як вучаніца Валадарства. Зямное падарожжа Марыі завяршылася яе Унебаўзяццем – цяпер разам са сваім Сынам яна знаходзіцца ў радасці вечнага жыцця.

Папа заклікаў вернікаў не ўяўляць Марыю як "нерухомую васковую статую", а бачыць у ёй "сястру (...) у зношаных сандалях (...) і з вялікай стомай у жылах", бо Яна ішла за Панам, каб сустрэць сваіх братоў і сясцёр, завяршаючы сваё падарожжа ў славе Неба.

Францішак падкрэсліў, што Найсвяцейшая Панна з'яўляецца Той, хто ідзе наперадзе нас у дарозе, нагадваючы ўсім, што і наша жыццё – гэта бесперапыннае падарожжа да канчатковага з'яднання з Панам.
 

15 жніўня 2024, 12:25

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >