Пошук

Анёл Панскі: сапраўдная вера адкрывае розум і сэрца

Па-сапраўднаму слухаць Пана, а не чакаць ад Яго пацвярджэння нашых меркаванняў, заахвоціў Пантыфік перад нядзельнай малітвай Анёл Панскі, якая прайшла ў Ватыкане 11 жніўня 2024 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Францішак спаслаўся на евангельскі ўрывак (Ян 6, 41-51), у якім гаворыцца пра рэакцыю юдэяў на сцвярджэнне Езуса: “Я сыйшоў з неба” (Ян 6, 38). Яны казалі: “Ці не Езус гэта, сын Юзафа, бацьку якога і маці мы ведаем? Як жа Ён кажа: “Я сышоў з неба”?” (Ян 6, 42).

“Яны перакананыя, што Езус не мог сысці з неба, таму што Ён сын цесляра і таму, што Яго маці і родныя – простыя, знаёмыя людзі, звычайныя, як і многія іншыя. Як мог Бог праявіцца такім звычайным чынам? Прадузятае меркаванне аб Яго сціплым паходжанні перашкаджае іх веры. Яны загадзя ўпэўненыя, што ім няма чаму вучыцца ў Яго. У іх сэрцах няма месца для таго, што не ўпісваецца ў звыклыя рамкі, таму што яны не могуць яго каталагізаваць і захаваць на пыльных паліцах сваёй бяспекі”, - сказаў Папа, засцярагаючы ад прадузятасці і пыхі, якія перашкаджаюць збліжэнню і шчыраму дыялогу.

“І гэта людзі, якія выконваюць Закон, даюць міласціну, пасцяць і моляцца, а Хрыстус ужо здзейсніў розныя цуды (пар. Ян 2,1-11; 4,43-54; 5,1-9; 6,1-25). Чаму гэта не дапамагае ім распазнаць у Ім Месію? Таму што яны выконваюць рэлігійныя абрады не столькі для таго, каб пачуць голас Пана, колькі для таго, каб знайсці ў іх пацвярджэнне сваіх думак”, - адзначыў Пантыфік.

Часам тое ж самае можа здарацца і з намі, папярэдзіў Святы Айцец. Замест таго, каб па-сапраўднаму прыслухоўвацца да Пана, мы чакаем ад Яго і іншых толькі пацвярджэння нашых думак, нашых перакананняў, меркаванняў. Гэта не дапамагае нам па-сапраўднаму сустрэцца з Богам і не адкрывае нам дар Яго святла і ласкі. “Сапраўдная вера і малітва адкрываюць розум і сэрца, а не закрываюць іх”, - падкрэсліў Францішак.

Папа заахвоціў вернікаў спытаць сябе: Ці здольны я, у маёй веры, па-сапраўднаму захоўваць маўчанне ўнутры сябе і слухаць Бога? Ці гатовы я прыслухоўвацца да Яго голасу, выходзіць за рамкі сваіх схем мыслення, пераадольваць з Яго дапамогай свае страхі?

“Хай Марыя дапаможа нам з верай прыслухоўвацца да голасу Пана і мужна выконваць Яго волю”, - заклікаў Святы Айцец.

11 жніўня 2024, 12:29

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >