Прафілактычныя мерапрыемствы супраць малпавай воспы ў лагеры бежанцаў у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга Прафілактычныя мерапрыемствы супраць малпавай воспы ў лагеры бежанцаў у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга  (ANSA)

Францішак: аб’яднаць намаганні ў барацьбе з малпавай воспай

Папа выказаў блізкасць хворым на малпавую воспу, а таксама насельніцтву Нікарагуа, дзе на працягу апошніх гадоў Касцёл падвяргаецца сістэматычнаму пераследу з боку дзяржаўных уладаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Я хачу выказаць сваю салідарнасць з тысячамі людзей, якія пацярпелі ад малпавай воспы, якая ў цяперашні час з’яўляецца надзвычайнай сітуацыяй у сферы аховы здароўя ў свеце”, - сказаў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая прайшла 25 жніўня 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Пантыфік запэўніў хворых у сваёй малітве, асабліва насельніцтва Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, якое найбольш пакутуе ад эпідэміі. “Я выказваю спагаду мясцовым Касцёлам у краінах, якія найбольш пацярпелі ад гэтай хваробы, і заклікаю ўрады і прыватныя кампаніі дзяліцца тэхналогіямі і метадамі лячэння, якія яны маюць, каб ніхто не адчуваў недахопу ў адпаведнай медыцынскай дапамозе”, - дадаў ён.

Святы Айцец скіраваў словы падтрымкі “дарагому народу Нікарагуа”, заклікаючы жыхароў гэтай краіны аднавіць надзею на Езуса і памятаць, што “Святы Дух заўсёды накіроўвае гісторыю да больш высокіх задумаў”. “Няхай Беззаганная Панна абароніць вас у цяжкія часы і дазволіць вам адчуць сваю мацярынскую пяшчоту. Няхай Багародзіца суправаджае ўмілаваны народ Нікарагуа”, - сказаў Пантыфік.
 

25 жніўня 2024, 13:15