Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©khanchit - stock.adobe.com)

Францішак адзначыў важнасць служэння катэхетаў

Катэхеты робяць вялікую справу, - падкрэсліў Святы Айцец у звароце да вернікаў на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 21 жніўня 2024 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Сёння, ва ўспамін святога Пія Х, у многіх частках свету адзначаецца Дзень катэхета. Давайце падумаем пра нашых катэхетаў і катэхетак, якія робяць вялікую справу, а ў некаторых частках свету з’яўляюцца першымі, хто нясе веру. Давайце памолімся сёння за катэхетаў, каб Пан зрабіў іх адважнымі і яны маглі ісці наперад”, - заклікаў Папа.

Вітаючы нямецкамоўных пілігрымаў, Францішак заўважыў, што святы Пій Х прагнуў вярнуць Езуса Хрыста ў цэнтр увагі ўсіх вернікаў. “Няхай праз яго заступніцтва Пан дазволіць нам заўсёды адчуваць Яго любячую блізкасць”, - пажадаў Святы Айцец.

Джузэпэ Сарта, будучы Папа Пій Х (1835-1914), надаваў важнае значэнне катэхізацыі яшчэ будучы маладым святаром. Абраны Рымскім Пантыфікам у 1903 годзе, ён адразу ініцыяваў падрыхтоўку новага выдання Катэхізіса, адрасаванага шырокаму колу чытачоў. Кніга пабачыла свет у 1908 годзе. У ёй у выглядзе пытанняў і адказаў у даступнай форме былі патлумачаны асновы хрысціянскай веры і маралі. Катэхізіс святога Пія Х карыстаецца папулярнасцю таксама і ў нашыя дні, а ініцыятар яго выдання, кананізаваны ў 1954 годзе, у многіх краінах лічыцца нябесным апекуном катэхетаў.
 

21 жніўня 2024, 11:29