Святы Айцец моладзі: будуйце больш справядлівы свет
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Ідзіце наперад заўсёды з радасцю і надзеяй, імкнучыся будаваць больш справядлівы, больш братэрскі і больш прыгожы свет. Не апускайце рукі”, - напісаў Францішак, запэўніваючы маладых людзей у сваёй малітве і просячы маліцца за яго.
У сустрэчы бралі ўдзел 60 юнакоў і дзяўчат. Яны прыбылі ў Трабзон разам з дапаможным біскупам Апостальскага вікарыяту Анатоліі Антуанам Ілгітам. Іерарх распавёў, што такія падзеі арганізуюцца рэгулярна: у студзені моладзь наведала Тарс, з нагоды свята навяртання апостала Паўла, а ў чэрвені – Іскендэрун, з нагоды ўрачыстасці святых Пятра і Паўла.
“У гэтым годзе мы прыслухаліся да жадання маладых людзей выехаць за межы рэгіёну, які пацярпеў ад мінулагодняга землятрусу, і даць ім магчымасць адпачыць, таму прайшла гэта сустрэча на Чорным моры, якая супала з урачыстасцю Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі”, - падзяліўся турэцкі езуіт.
У адказ на прывітанне Папы, юнакі і дзяўчаты даслалі яму ліст падзякі. “Магчымасць адчуць Вашу духоўную блізкасць падчас нашай сустрэчы ў Трабзоне, зямлі, багатай хрысціянствам, стала для нас вялікім гонарам і ўмацавала наша братэрства. Касцёл у Турцыі застаецца жывым і энергічным таксама дзякуючы Вашай падтрымцы. Тое, што Вы разам за намі, надае нам адвагі”, - напісалі Святому Айцу маладыя турэцкія вернікі.