Пошук

Пантыфік: толькі ў Езусе можна спазнаць паўнату жыцця

Ісці за Хрыстом нялёгка, але толькі Ён мае словы вечнага жыцця, - падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая прайшла 25 жніўня 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак пракаментаваў нядзельны літургічны евангельскі ўрывак, у якім апавядаецца пра крытычны момант: пасля таго, як Езус назваў сябе “хлебам, які сышоў з неба”, многія расчараваліся ў Ім і адышлі. Хрыстус спытаў у апосталаў, ці хочуць адысці і яны, але Пётр ад імя Дванаццаці адказаў: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця” (Ян 6,68).

Пантыфік падкрэсліў, што апосталы засталіся з Панам, бо знайшлі ў Ім словы вечнага жыцця. “Яны чулі як Ён прапаведаваў, бачылі цуды, якія Ён чыніў і працягвалі заставацца з Ім падчас публічных падзей і ў блізкасці штодзённага жыцця”, - нагадаў Святы Айцец.

“Яны не заўсёды разумелі тое, што казаў і рабіў Настаўнік; часам ім было складана прыняць парадоксы Яго любові, крайнія патрабаванні Яго міласэрнасці, радыкальнасць, з якой Ён дарыў сябе ўсім”, - сказаў Папа, дадаючы, што рашэнні Езуса часта пераўзыходзілі агульнапрынятае мысленне, рэлігійныя і традыцыйныя каноны, нават ствараючы правакацыйныя і нязручныя сітуацыі.

“Ісці за Ім нялёгка”, але Пётр і іншыя апосталы, “толькі ў Езусе знайшлі адказ на прагу жыцця, радасці і любові”. “Толькі дзякуючы Яму яны спазналі паўнату жыцця, якой шукалі, па-за межамі граху і нават смерці. Таму яны не адышлі: больш за тое, усе, акрамя аднаго, нягледзячы на шматлікія падзенні і пакаянні, засталіся з Ім да канца”, - нагадаў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што нам таксама нялёгка ісці за Панам, разумець Яго спосаб дзеяння, наследаваць Яго крытэрыі і прыклад. “Аднак, чым бліжэй мы будзем да Яго – чым больш будзем прытрымлівацца Яго Евангелля, атрымліваць Яго ласку ў сакрамэнтах, прабываць разам з Ім у малітве, наследаваць Яго ў пакоры і міласэрнай любові – тым больш мы будзем адчуваць прыгажосць таго, што Ён – наш Сябар, і разумець, што толькі Ён мае “словы вечнага жыцця”, - запэўніў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў задумацца на тым, наколькі Езус прысутны ў нашым жыцці? Наколькі дазваляем Яго словам крануць і ўзрушыць нас? Ці можам сказаць, што яны з’яўляюцца “словамі жыцця” таксама для нас? “Няхай Марыя, якая прыняла Езуса, Божае слова, у сваім цела, дапаможа нам слухаць Яго і ніколі не пакідаць Яго”, - сказаў на завяршэнне свайго нядзельнага разважання Францішак.
 

25 жніўня 2024, 12:18

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >