Папа: няроўнасць і несправядлівасць сілкуюць канфлікты і насілле

У сітуацыі цяперашняга глабальнага крызісу трэба адмовіцца ад вайны як сродка вырашэння канфліктаў і ўстанаўлення справядлівасці, спрыяць дыялогу і роўнасці, вярнуць надзею моладзі, лічыць Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

24 жніўня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў 15-й штогадовай сустрэчы Міжнароднай каталіцкай сеткі заканадаўцаў (International Catholic Legislators Network) – арганізацыі, якая садзейнічае фармацыі новага пакалення каталіцкіх лідараў, адданых прасоўванню сацыяльнага вучэння Касцёла ў грамадскай сферы.

Свет у стане вайны

Сёлетняе пасяджэнне міжнароднай сеткі было прысвечана сітуацыі “свету ў стане вайны”. Папа звярнуў увагу на асаблівую актуальнасць гэтай тэмы, нагадваючы што “цяперашні крызіс сур’ёзна пагражае цярплівым намаганням міжнароднай супольнасці, асабліва ў рамках шматбаковай дыпламатыі, накіраванай на стымуляванне супрацоўніцтва ў вырашэнні сур’ёзных сітуацый несправядлівасці і неадкладных сацыяльных, эканамічных і экалагічных праблем, якія стаяць перад чалавечай сям’ёй”.

Францішак падзяліўся са сваімі гасцям думкамі, адносна таго, якой павінна быць рэакцыя на актуальны стан рэчаў не толькі з боку заканадаўцаў, але ўсіх людзей добрай волі, асабліва тых, якія натхняюцца евангельскім бачаннем чалавечай сям’і і пакліканнем будаваць свет, пазначаны братэрствам, справядлівасцю і мірам.

Вайна не можа быць сродкам вырашэння канфліктаў і ўстанаўлення справядлівасці

У першую чаргу Папа згадаў пра імператыў “адмаўлення ад вайны як сродка вырашэння канфліктаў і ўстанаўлення справядлівасці”, бо “кожная вайна пакідае наш свет у горшым стане, чым яго застала”, з’яўляецца “правалам палітыкі і чалавецтва, ганебнай капітуляцыяй, горкай паразай перад сіламі зла” (Fratelli tutti, 261).

“Сапраўды, вялізныя разбуральныя магчымасці сучаснай зброі фактычна зрабілі традыцыйныя крытэры меж вайны састарэлымі. У многіх выпадках адрозненне паміж ваеннымі і грамадзянскімі мэтамі становіцца ўсё больш размытым. Наша сумленне не могуць не кранаць сцэны смерці і разбурэнняў, якія штодня паўстаюць перад нашымі вачыма. Мы павінны прыслухацца да плачу бедных, удоў і сірот, пра які гаворыцца ў Бібліі, убачыць бездань зла, якая ляжыць у аснове вайны, і ўсімі магчымымі спосабамі зрабіць выбар на карысць міру”, - сказаў Святы Айцец.

Патрэба ў дыялогу, павазе да міжнароднага права і роўнасці

Другім аспектам Папа назваў патрэбу ў трываласці і цярплівасці – “цнотах моцных” – у прасоўванні міру праз перамовы, пасрэдніцтва і арбітраж.  Дыялог павінен стаць “душой міжнароднай супольнасці”, што будзе садзейнічаць адраджэнню даверу да структур міжнароднай супольнасці, якія пастаянна маюць патрэбу ў рэфармаванні і абнаўленні, каб адпавядаць бягучым абставінам.

“У сувязі з гэтым асаблівую ўвагу трэба надаць падтрымцы міжнароднага гуманітарнага права і забяспячэння яму ўсё больш моцнай прававой асновы”, - сказаў Пантыфік, адзначаючы таксама, што мір патрабуе больш справядлівага размеркавання зямных даброт, спрыяння цэласнаму развіццю людзей і народаў, пераадолення скандальнай няроўнасці і несправядлівасці, якія сілкуюць доўгатрывалыя канфлікты і спараджаюць новую несправядлівасць і акты насілля па ўсім свеце.

Вярнуць моладзі надзею

Францішак заўважыў, што “наш змучаны вайной свет патрабуе адраджэння духа надзеі, які прывёў да заснавання структур супрацоўніцтва на службе міру пасля Другой сусветнай вайны”. У сувязі ў гэтым ён заклікаў сваіх гасцей быць сведкамі надзеі, асабліва для новых пакаленняў.

“Няхай ваша прыхільнасць агульнаму дабру, умацаваная верай у абяцанні Хрыста, паслужыць прыкладам для нашай моладзі. Як важна, каб яны бачылі прыклады надзеі і ідэалаў, супрацьлеглыя песімізму і цынізму, з якімі часта сутыкаюцца. Адным словам, нам, якія жывём у свеце, ахопленым вайной, пастаяннымі крызісамі і канфліктамі, неабходна знайсці мудрасць і сілу, каб бачыць за аблокамі, чытаць знакі часу і з надзеяй, спароджанай верай, натхняць іншых, асабліва моладзь, на працу дзеля лепшай будучыні”, - заключыў Святы Айцец.
 

24 жніўня 2024, 10:58