Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папа: хрысціяне пакліканы разам абараняць годнасць чалавека

Перад абліччам антрапалагічнай рэвалюцыі і структурных змен успрымання людзьмі саміх сябе хрысціяне ўсіх канфесій пакліканы разам абараняць годнасць чалавека, лічыць Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік звярнуўся да ўдзельнікаў XVII Міжхрысціянскага сімпозіўма, які з 28 па 30 жніўня 2024 года праходзіць у паўднёваітальянскім горадзе Трапані на тэму Чым ёсць чалавек у часы антрапалагічных перамен?. Форум арганізаваны Францішканскім інстытутам духоўнасці Папскага ўніверсітэта Антаніянум разам з катэдрай тэалогіі праваслаўнага тэалагічнага факультэта грэчаскага Універсітэта Арыстоцеля ў Салоніках.

“Пераўтварэнні, выкліканыя рэвалюцыяй у галіне інфарматыкі – развіццё штучнага інтэлекту, неверагодныя дасягненні ў навуцы – прымушаюць людзей пераасэнсаваць сваю тоеснасць, ролю ў свеце і грамадстве, а таксама сваё пакліканне да трансцэндэнтнасці. Насамрэч, спецыфіка чалавека ў кантэксце ўсяго стварэння, яго ўнікальнасць у адносінах да іншых жывых істот і нават яго адносіны з машынамі пастаянна ставяцца пад сумнеў”, - адзначыў Папа ў пасланні за подпісам кардынала Курта Коха, прэфекта Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Структурна змяняецца сам спосаб, якім “нашы сучаснікі ўспрымаюць фундаментальны досвед свайго існавання, такі як рэпрадуктыўнасць, нараджэнне і смерць”, - заўважыў Францішак, падкрэсліваючы, што на гэту антрапалагічную рэвалюцыю “нельга рэагаваць адмаўленнем і крытыкай”: неабходны глыбокія даследаванні, здольныя аднавіць мысліцельны працэс і рашэнні, якія прымаюцца, і гэты выклік тычыцца хрысціян усіх канфесій.

“У святле вучэння Святога Пісання і хрысціянскай Традыцыі неабходна пацвердзіць, што кожнаму чалавеку ўласціва годнасць ужо самім фактам яго існавання, як духоўнай істоты, створанай Богам і прызначанай для сыноўскіх адносін з Ім”, - напісаў Пантыфік, адзначаючы, што хрысціянскія Цэрквы пакліканы разам абараняць гэту высокую годнасць ад “цалкам канкрэтных пагроз, такіх як беднасць, вайна і эксплуатацыя”.
 

29 жніўня 2024, 09:55