Пошук

Папа: наша пакліканне – быць добрым водарам Хрыста ў свеце

Плёны Святога Духа дазваляюць распаўсюджваць водар святога жыцця ў свеце, - нагадаў вернікам Пантыфік падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 21 жніўня 2024 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Дух, які сыходзіць на Езуса падчас хросту ў Ярдане, а ад Яго распаўсюджваецца на Касцёл – гэтай тэме Папа прысвяціў сваю катэхезу. Ён заўважыў, што падчас хросту Езуса ля Ярдану яўна прысутнічала ўся Святая Тройца: прагучаў голас Айца, Святы Дух сышоў на Езуса ў выглядзе голуба, і быў той, каго Айцец абвясціў сваім умілаваным Сынам. “Гэта фундаментальны момант Аб’яўлення і гісторыі збаўлення”, - падкрэсліў Францішак.

“Што ж такога важнага здарылася падчас хросту Езуса, што ўсе евангелісты расказваюць пра гэта?”, - прапанаваў задумацца Святы Айцец, дадаючы, што “адказ мы знаходзім у словах, якія сам Езус прамовіў крыху пазней, у сінагозе Назарэта, выразна спасылаючыся на ярданскую падзею: “Дух Пана на мне, бо Ён намасціў Мяне” (Лк 4,18).

У Ярдане Бог Айцец намасціў Езуса Святым Духам як Караля, Прарока і Святара. “Сапраўды, у Старым Запавеце духмяным алеем намашчаліся каралі, прарокі і святары. У выпадку ж Хрыста, замест фізічнага алея, быў духоўны алей, якім ёсць Святы Дух, замест сімвала, была рэальнасць”, - сказаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што Езус быў напоўнены Святы Духам ад самага пачатку свайго ўцелаўлення, але гэта была “асабістая ласка”, якая не перадаецца; “цяпер жа Ён атрымаў паўнату дару Духа для сваёй місіі, якую, як галава, перадасць свайму целу, якім ёсць Касцёл”: таму Касцёл з’яўляецца новым “каралеўскім, прароцкім і святарскім народам”. Яўрэйскае паняцце “Месія” адпавядае грэчаскаму “Хрыстус”: яны абодва адносяцца да Езуса і азначаюць “намашчаны”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы, што наша імя “хрысціяне” Айцы Касцёла тлумачылі як “намашчаныя на падабенства Хрыста”.

Святы Айцец заўважыў, што ў адным з псальмаў гаворыцца пра духмяны алей, які выліваецца на галаву першасвятара Аарона і з’яўляецца сімвалам шчасця жыцця разам як браты. Гэтыя словы сталі “духоўнай і містычнай рэальнасцю ў Хрысце і Касцёле”. “Хрыстус – галава, наш першасвятар, Святы Дух – гэта духмяны алей, а Касцёл – гэта цела Хрыста, на якое ён выліваецца”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што Святы Дух у Бібліі сімвалізуецца не толькі з дапамогай ветру, пра што гаворка ішла ў адной з папярэдніх катэхез, але таксама і алеем. Ён прапанаваў задумацца над значэннем гэтага сімвала і тым, які практычны ўрок можна вынесці з яго. Францішак нагадаў, што падчас Імшы ў Вялікі чацвер, асвячаючы алей, які называецца “Хрызма”, біскуп моліцца, каб тыя, хто будзе ім намашчаны падчас хросту і канфірмацыі маглі распаўсюджваць водар святога жыцця, згодна са словамі святога Паўла: “Бо мы – Хрыстовы водар для Бога”.

“Мы ведаем, што, на жаль, часам хрысціяне распаўсюджваюць не водар Хрыста, а смурод свайго граху. Аднак, гэта не павінна адцягваць нас ад нашага абавязку спаўняць, па меры нашых сіл і магчымасцяў, кожны ў сваім асяроддзі, гэта ўзнёслае пакліканне – быць добрым водарам Хрыста ў свеце”, - сказаў ён, дадаючы, што гэты водар Хрыста спараджаюць “плёны Святога Духа”: “любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць” (Гал 5,22). “Калі мы будзем старацца развіваць гэтыя плёны, то, нават без нашага ўсведамлення, нехта адчуе вакол нас водар Духа Хрыста. Давайце папросім Святога Духа, каб зрабіў нас больш свядомымі таго, што мы намашчаны Ім”, - заклікаў напрыканцы катэхезы Пантыфік.
 

21 жніўня 2024, 09:24

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >