Папа: сапраўды мір зыходзіць з раскаяных і прабачаных сэрцаў

5 жніўня 2024 года, ва ўспамін Маці Божай Снежнай і гадавіну пасвячэння базілікі Санта-Марыя-Маджорэ, Папа наведаў гэты старажытны рымскі храм, дзе прыняў удзел у Другіх Нешпарах.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падчас набажэнства адбылася традыцыйная цырымонія ўспаміну “снежнага цуду” – “снегапад” з пялёсткаў руж, якія сыпаліся на алтар з-пад страхі святыні. Гэты абрад нагадаў пра падзею, якую традыцыя адносіць да IV стагоддзі. Паводле легенды, у 358 годзе Маці Божая з’явілася Папу Ліберыю ў сне і папрасіла пабудаваць базіліку ў тым месцы, якое Яна пакажа. Раніцай заснежаным аказаўся Эсквілінскі пагорак, там і паўстаў касцёл, прысвечаны Панне Марыі.

Ласка непрадказальная, як снегапад у Рыме пасярод лета

У гаміліі Францішка заўважыў, што цырымонія “снежнага цуду” – гэта не проста фальклор, а традыцыя з глыбокім сімвалізмам. “Снегапад” можна разумець як “сімвал ласкі, гэта значыць рэальнасці, якая злучае прыжагосць і бескарыснасць”. “Гэта тое, чаго не магчыма заслужыць, і тым больш купіць, гэта можна атрымаць як дар, і як такі, ён таксама цалкам непрадказальны, як снегапад у Рыме пасярод лета”, - падкрэсліў Пантыфік.

Марыя адлюстроўвае хвалу Езуса

Затым Папа звярнуў увагу на старажытную марыйную ікону Salus Populi Romani, якую назваў “жамчужынай” базілікі Санта-Марыя-Маджорэ. “На ёй ласка цалкам набывае сваю хрысціянскую форму ў вобразе Панны Марыі з Дзіцяткам. Тут ласка паўстае ў сваёй канкрэтнасці, пазбаўленая ўсякага міфалагічнага, магічнага, спірытуалістычнага покрыва”, - сказаў Святы Айцец, адзначаючы, што на гэтай іконе намалявана толькі самае істотнае: Жанчына і Сын.

“Жанчына поўная ласкі, зачатая без граху, беззаганная, як снег, які толькі што выпаў. Бог паглядзеў на Яе з захапленнем і здзіўленнем – Бог таксама здзіўляецца! – і выбраў Яе Маці, бо Яна – дачка Яго Сына: народжаная ў Ім спрадвеку, Яна стала Яго Маці ў паўнаце часу. Дзіцятка трымае ў левай руцэ Святую Кнігу, а правай благаслаўляе; і першай благаслаўлёнай з’яўляецца Яна, Маці, благаслаўлёная паміж усімі жанчынамі. На яе цёмным плашчы ззяе залатое адзенне Яе Сына: у Ім адным прабывае ўся паўната боскасці; Яна, са сваім адкрытым тварам, адлюстроўвае Яго хвалу”, - сказаў Папа.

Марыя – пасярэдніца Божай ласкі

“Менавіта таму вернікі прыходзяць прасіць благаслаўлення ў Найсвяцейшай Багародзіцы, бо Яна пасярэдніца ласкі, якая сыходзіць заўсёды і толькі ад Езуса Хрыста, дзякуючы дзеянню Святога Духа. Асабліва ў надыходзячым годзе, Святым Годзе Юбілею, многія пілігрымы прыйдуць у гэтую базіліку, каб прасіць благаслаўлення ў Найсвяцейшай Маці. Сёння мы сабраліся тут як свайго роду авангард, і мы молімся аб Яе заступніцтве для нашага горада Рыма і за ўвесь свет, асабліва за мір: мір, які з’яўляецца сапраўдным і трывалым, толькі калі ён зыходзіць з раскаяных і прабачаных сэрцаў; мір, які зыходзіць з Хрыстовага Крыжа, з Яго Крыві, якую Ён прыняў ад Марыі і праліў для адпушчэння грахоў”, - сказаў Папа.
 

05 жніўня 2024, 19:03