Пантыфік да семінарыстаў: хай Езус будзе цэнтрам вашага жыцця

Быць цэласнымі і шчодрымі, гатовымі слухаць і прабачаць, адданымі Богу і братам, заахвоціў Папа дэлегацыю семінарыстаў з іспанскага Хетафэ, якіх прыняў 3 жніўня 2024 года на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сустрэча навучэнцаў вышэйшай семінарыі Маці Божай апосталаў з Францішкам прайшла ў рамках пілігрымкі да магілы святога Пятра з нагоды 30-годдзя з дня заснавання навучальнай установы, а таксама як частка іх духоўнай падрыхтоўкі да Юбілею 2025 года.

Святы Айцец уручыў сваім гасцям тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы, у якой нагадаў, што семінарысты “атрымалі пакліканне любові Пана” і з дапамогай настаўнікаў і іншых людзей рыхтуюцца атрымаць дар святарства. Гэты шлях да Езуса, Добрага Пастыра, не пазбаўлены цяжкасцяў. Ісці па яму трэба, звяртаючы ўвагу на чатыры асноўныя аспекты: духоўнае жыццё, вучобу, грамадскае жыццё і апостальскую дзейнасць. Касцёл чакае ад семінарыстаў цэласнасці і шчодрасці, гатоўнасці слухаць і прабачаць, адданасці Богу і братам, асабліва тым, хто больш за ўсё пакутуе, бедным і бяздольным, нагадаў Пантыфік.

Папа даверыў семінарыстаў Езусу, каб быў цэнтрам іх жыцця, а таксама Маці Божай ад Анёлаў, каб суправаджала іх на шляху.

Вышэйшая семінарыя Хетафэ знаходзіцца на пагорку Лос-Анхелес, які традыцыйна лічыцца геаграфічным цэнтрам Пірэнэйскага паўвострава. На пагорку месціцца помнік Найсвяцейшаму сэрцу Езуса і кляштар Маці Божай ад Анёлаў, заступніцы Хетафэ.

03 жніўня 2024, 11:40