Папа падчас сустрэчы з італьянскімі скаўтамі Папа падчас сустрэчы з італьянскімі скаўтамі 

Папа скаўцкім лідарам: вучыць прыкладам жыцця, больш чым словамі

Выхаваўцелі вучаць у першую чаргу сваім жыццём, больш чым словамі, заўважыў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў сустрэчы лідараў італьянскай каталіцкай скаўцкай арганізацыі AGESCI, якая 25 жніўня 2024 года завяршылася ў Вероне.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік пажадаў, каб Асацыяцыя Каталіцкіх Скаўтак і Скаўтаў Італіі (L'Associazione Guide e Scout Cattolici Italiani) была “трэніровачнай залай хрысціянскага жыцця, магчымасцю братэрскай еднасці, школай служэння бліжняму, асабліва найбольш абяздоленаму і патрабуючаму”.

“Не дазваляйце цяжкасцям паралізаваць вас, але заўсёды вырушайце на пошук задумы, якую Бог мае для кожнага”, - заахвоціў Святы Айцец, заклікаючы таксама чэрпаць “новы запал у веры ў Езуса, Настаўніка і Сябра, каб радасна працягваць чалавечы і духоўны шлях у Касцёле, даючы сведчанне Евангелля ў грамадстве”.

Францішак адзначыў далікатнасць выхаваўчага задання скаўцкіх лідараў у адносінай да дзяцей і моладзі, якую неабходна суправаджаць з мудрасцю і падтрымліваць з любоўю. Гэта патрабуе якаснай падрыхтоўкі і эмпатыі да іншых. Папа адзначыў, што “ўменне слухаць і мастацтва дыялогу” нараджаюцца дзякуючы “малітоўнаму жыццю, у якім чалавек уваходзіць у дыялог з Панам, спыняецца ў Яго прысутнасці, каб навучыцца ў Яго мастацтву любові, якая дорыць сябе, каб жыццё паступова ўвайшло ў сугучча з сэрцам Настаўніка”.

Святы Айцец нагадаў, што Езус умеў быць прысутным ці адсутным, ведаў, калі паправіць ці пахваліць, суправаджаць ці паслаць у свет і дазволіць апосталам прыняць місійны выклік. Дзякуючы Яго “фарміруючым умяшанням” вучні “паступова прывялі сваё жыццё ў адпаведнасць з жыццём Пана”. У сувязі з гэтым Пантыфік падкрэсліў, што выхавацелі вучаць перш за ўсё “сваім жыццём, а не словамі”, і таму іх “пастаянны чалавечы і духоўны рост” з’яўляецца фундаментальным для эфектыўнага “служэння маладым пакаленням”.
 

25 жніўня 2024, 12:04