Папа заклікаў капуцынаў умацоўваць братэрства і служыць міру

31 жніўня 2024 года ў Ватыкане Францішак сустрэўся з удзельнікамі LXXXVI Генеральнага капітула Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў. Ён звярнуў увагу на тры ключавыя аспекты францішканскай духоўнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа падкрэсліў, што Генеральны капітул – гэта не проста арганізацыйнае мерапрыемства. Ён апісаў яго як выключную магчымасць для братоў з розных краін і культур сабрацца разам, каб слухаць адзін аднаго і размаўляць на адзінай мове Духа. Францішак заахвоціў удзельнікаў выкарыстаць гэты час для падзякі Богу за развіццё Ордэна, асабліва ў маладых Касцёлах, і для разважання над тым, чаго Бог чакае ад іх сёння.

У сваёй прамове Пантыфік засяродзіўся на трох асноўных вымярэннях духоўнасці святога Францішка. Першым ён назваў братэрства, нагадваючы тэму Капітула: "Пан даў мне братоў" для таго, каб "ісці па свеце", падкрэсліўшы, што місія Ордэна нараджаецца ў братэрстве і павінна спрыяць братэрству. Святы Айцец заклікаў капуцынаў ставіць у цэнтр увагі не эканамічныя рэсурсы ці чалавечыя разлікі, а чалавека.

Яшчэ адзін аспект, на які звярнуў увагу Папа, – гатоўнасць служыць. Ён пахваліў капуцынаў за іх гатоўнасць ісці туды, куды іншыя не хочуць.
Такая адкрытасць сведчыць пра тое, што самае важнае ў жыцці – гэта міласэрнасць, і заўсёды варта прысвячаць ёй сваё існаванне.

Імкненне да міру – трэцяя важная рыса францішканскай духоўнасці, звярнуў увагу Святы Айцец. Ён падкрэсліў ролю капуцынаў як "міратворцаў", здольных ствараць магчымасці для сустрэч, пасрэднічаць у вырашэнні канфліктаў і садзейнічаць культуры прымірэння нават у самых складаных сітуацыях.

Папа заахвоціў сваіх гасцей працягваць сваю місію, асабліва ў цяжкія часы канфліктаў і замкнёнасці. Ён нагадаў ім пра важнасць быць блізкімі да ўсіх людзей, асабліва да самых бедных і адкінутых, ніколі нікога не выключаючы.

Асаблівую ўвагу Францішак надаў пытанню фармацыі, падкрэсліўшы, што без яе няма будучыні. Ён заахвоціў капуцынаў працягваць працу ў гэтым напрамку.

На заканчэнне Пантыфік падзякаваў Ордэну Меншых Братоў за ўсё дабро, якое яны робяць у Касцёле, і заклікаў іх працягваць свой шлях з даверам і надзеяй. Ён таксама папрасіў братоў маліцца за яго.

Кустодыю Беларусі на Генеральным капітуле прадстаўляе яе настаяцель, брат-кусташ Алег Шэнда.
 

31 жніўня 2024, 11:12