Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, кардынал П'ербаціста Піцабала Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, кардынал П'ербаціста Піцабала   (ANSA)

Патрыярх Іерусаліма: маліцца аб міры ў Святой Зямлі

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма звярнуўся да хрысціян Святой Зямлі з пасланнем з нагоды ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Ён заклікаў парафіі, манаскія супольнасці і пілігрымаў аб'яднацца 15 жніўня 2024 года ў малітве аб міры.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У пасланні кардынала П'ербацісты Піцабалы гаворыцца пра пакуты, выкліканыя вайной на Блізкім Усходзе, пра тое, што “нянавісць, крыўда і пагарда ўзмацняюць гвалт і пазбаўляюць магчымасці пошуку рашэнняў”.

Сёння "ўсё цяжэй уявіць сабе завяршэнне гэтага канфлікту, уплыў якога на жыццё нашага насельніцтва з'яўляецца самым цяжкім і балючым за ўсю гісторыю". "Усё цяжэй знайсці людзей і інстытуты, з якімі можна было б весці дыялог пра будучыню і мірныя адносіны", - напісаў іерарх.

Патрыярх Іерусаліма запрасіў вернікаў звярнуцца ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Багародзіцы з просьбай аб яе заступніцтве за мір і прымірэнне ў Святой Зямлі. Ён выказаў надзею на тое, што парафіі, манаскія супольнасці і пілігрымы “аб'яднаюцца ў агульным імкненні да міру, які мы давяраем Найсвяцейшай Панне Марыі".

“Нам застаецца толькі маліцца", - напісаў кардынал Піцабала, заклікаючы вернікаў супрацьпаставіць "мноству слоў нянавісці" малітву, якая можа адкрыць свету "шчыліну святла".

10 жніўня 2024, 12:29