Святы Айцец: маліцца, каб адкрыліся шляхі міру
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Давайце працягваць маліцца, каб на Блізкім Усходзе – у Палесціне і Ізраілі – а таксама ў змучанай Украіне, М’янме і ва ўсіх зонах ваенных дзеянняў маглі адкрыцца шляхі міру, з намаганнямі на карысць дыялогу і перамоў і ўстрыманнем ад гвалтоўных рэакцый і дзеянняў”, - сказаў Францішак.
Святы Айцец распавёў таксама пра беатыфікацыю, якая прайшла 18 жніўня ў горадзе Увіра ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Гаворка ідзе пра абвяшчэнне благаслаўлёнымі трох італьянскіх місіянераў з Таварыства святога Францішка Сальскага: Луіджы Карары, Джавані Дзідонэ і Віторыя Фачына, і кангалезскага святара, ксяндза Альбэра Жубэра, забітых 28 лістапада 1964 годзе ў гэтай афрыканскай краіне. “Іх мучаніцкая смерць стала вянцом жыцця, пражытага дзеля Пана і братоў і сясцёр. Няхай іх прыклад і заступніцтва спрыяюць шляху прымірэння і міру на карысць кангалезскага народа”, - пажадаў Пантыфік.