Апостальскае падарожжа Францішка ў Люксембург Апостальскае падарожжа Францішка ў Люксембург  (VATICAN MEDIA Divisione Foto) Калонка рэдактара

Бяспамятная Еўропа і “бессэнсоўныя бойні”

Пра прамову Францішка да ўладаў Люксембурга паразважаў у сваёй аўтарскай калонцы галоўны рэдактар Vatican News Андрэа Тарніелі.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News

Мір, перамовы, дыпламатычная дзейнасць, высакародныя кампрамісы... З маленькага Люксембурга, скрыжавання многіх еўрапейскіх гістарычных падзей, Францішак заклікаў Еўропу не паўтараць памылак мінулага. Не быць бяспамятнай. Яго фраза пра "бессэнсоўныя бойні" нагадала словы Бэнэдыкта XV пра Першую сусветную вайну.

Звяртаючыся да ўладаў Люксембурга, Папа заявіў, што "нават на еўрапейскім кантыненце мы назіраем адраджэнне рознагалоссяў і варожасці, якія замест таго, каб вырашацца на аснове ўзаемнай добрай волі, перамоў і дыпламатычных дзеянняў, выліваюцца ў адкрытую варожасць, якая вядзе да разбурэнняў і смерці”. Як не думаць пра вайну ва Украіне з мільёнам забітых і параненых. Пра вайну паміж хрысціянамі, якія падзяляюць веру, хрост і літургію.

Францішак з горыччу заўважыў, што чалавечае сэрца, здаецца, не ў стане “захоўваць памяць”. Бяспамятная Еўропа рызыкуе вярнуцца на шляхі вайны. Каб пазбегнуць "новых бессэнсоўных бойняў", патрэбныя "высакародныя і глыбокія духоўныя каштоўнасці, якія не дазволяць розуму паддацца вар'яцтву і паўтарыць памылкі мінулага”, - папярэдзіў Пантыфік.

Біскуп Рыма казаў таксама пра канкрэтную адказнасць кіраўнікоў, тых, хто валодае ўладай, называючы "настойлівай неабходнасцю" абавязацельства "рашуча і цярпліва прыступіць да сумленных перамоў у мэтах урэгулявання рознагалоссяў". Ён заклікаў іх быць гатовымі “шукаць годных кампрамісаў, якія нічога не падрываюць і замест гэтага могуць забяспечыць бяспеку і мір”.

Мір, перамовы, дыпламатычная дзейнасць, высакародныя кампрамісы… Гэтыя словы, здаецца, зніклі з лексікона палітычных лідараў. Гавораць толькі аб зброі, аб тым, колькі мільярдаў інвесціраваць у прылады смерці. Сёння, калі кіраўнікі дзяржаў пагражаюць выкарыстаннем ядзернай зброі, калі колькасць мірных жыхароў, якія загінулі пад бомбамі, якія пілатуюць беспілотнікі, павялічваецца, а дзяржавы ўкладваюць вялікія грошы ў ўзбраенне, адымаючы рэсурсы ад барацьбы з голадам, ад аховы здароўя, адукацыі, абароны навакольнага асяроддзя, народы павінны зрабіць так, каб іх голас быў пачуты.
 

27 верасня 2024, 13:06