Абмен падпісанымі тэкстамі Дэкларацыі Істыкляль 2024 Абмен падпісанымі тэкстамі Дэкларацыі Істыкляль 2024   (AFP or licensors)

Дэкларацыя Істыкляль: супрацоўніцтва дзеля міру і дыялогу

5 верасня 2024 года ў Джакарце падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў мячэці Істыкляль быў падпісаны сумесны дакумент, які засяроджваецца на абавязацельстве ўсіх вернікаў выступаць супраць насілля і на ролі рэлігій у садзейнічанні міру і гармоніі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Наш свет сутыкаецца з двума сур'ёзнымі крызісамі: "дэгуманізацыяй і змяненнем клімату", гаворыцца ў Сумеснай дэкларацыі Істыкляль 2024 года, дакуменце, падпісаным Папам Францішкам і Вялікім імамам, прафесарам Насарудзінам Умарам.

У тэксце з горыччу адзначаецца, што "рэлігія часта выкарыстоўваецца як інструмент", выклікаючы пакуты многіх людзей у свеце, усё больш пазначаным насіллем. Такім чынам, падкрэсліваецца, што роля рэлігій павінна "ўключаць садзейнічанне і абарону годнасці кожнага чалавечага жыцця", а не наадварот. У той жа час асуджаецца злоўжыванне стварэннем, "нашым агульным домам", з "разбуральнымі наступствамі, такімі як прыродныя катастрофы" і глабальнае пацяпленне, якія робяць экалагічны крызіс "перашкодай для гарманічнага суіснавання народаў".

Адказ рэлігій на крызісы нашага часу

Дэкларацыя, такім чынам, паказвае, якія адказы рэлігіі могуць даць на гэтыя сур'ёзныя крызісы нашага часу праз сумесныя намаганні. Падпісанты адзначаюць, што ўклад можа ўнесці "інданезійскі філасофскі прынцып Панчасіла". Папа і Вялікі імам заклікаюць арыентаваць рэлігійныя каштоўнасці "на садзейнічанне культуры павагі, годнасці, спачування, прымірэння і братэрскай салідарнасці для пераадолення як дэгуманізацыі, так і разбурэння навакольнага асяроддзя". Асаблівая задача, як гаворыцца ў дакуменце, ляжыць на рэлігійных лідарах, якія павінны супрацоўнічаць на карысць чалавецтва.

Належная ўвага да міжрэлігійнага дыялогу

"Паколькі існуе адзіная глабальная чалавечая сям'я, - сцвярджае Дэкларацыя Істыкляль 2024, - міжрэлігійны дыялог павінен быць прызнаны эфектыўным інструментам для вырашэння мясцовых, рэгіянальных і міжнародных канфліктаў, асабліва тых, якія выкліканы злоўжываннем рэлігіяй".

Дакумент завяршаецца заклікам да ўсіх людзей добрай волі "захоўваць цэласнасць экасістэмы", каб перадаць атрыманыя рэсурсы будучым пакаленням.
 

05 верасня 2024, 05:41