Францішак прыбыў у Сінгапур
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Самалёт спыніўся ў спецыяльна адведзенай зоне для цырыманіяльных сустрэч. Нунцый і кіраўнік пратакола Сінгапура падняліся на борт праз пярэдні трап, каб прывітаць Францішка. Затым Святы Айцец спусціўся на лётнае поле, дзе яго чакала афіцыйная дэлегацыя.
Пантыфіка сустрэў міністр культуры, грамадства і моладзі Сінгапура з жонкай, а таксама пасол Сінгапура пры Святым Пасадзе. Разам яны накіраваліся ў залу Дэндробіум для кароткай сустрэчы. Прамовы падчас гэтай сустрэчы не планаваліся.
Пасля кароткай гутаркі ўсе разам спусціліся на ліфце ў атрыум VIP-комплексу. Там Францішка прывіталі дзеці. Адбыўся таксама абмен прывітаннямі паміж афіцыйнымі дэлегацыямі.
Каля 14.45 Святы Айцец адправіўся ў Цэнтр духоўных практыкаванняў святога Францішка Ксаверыя, размешчаны за 17 кіламетраў ад аэрапорта. Ён стане папскай рэзідэнцыяй на час візіту.