Наступствы ізраільскага ракетнага ўдару па Газе Наступствы ізраільскага ракетнага ўдару па Газе 

Францішак: не забываць пра войны, якія заліваюць крывёй свет

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 15 верасня 2024 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Папа выказаў блізкасць пацярпелым ад тайфуну народам В'етнама і М'янмы і заклікаў спыніць канфлікты, якія заліваюць крывёй свет.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Выказваю сваю блізкасць народам В'етнама і М'янмы, якія пакутуюць ад паводак, выкліканых моцным тайфунам. Малюся за загінулых, параненых і перамешчаных асоб. Няхай Бог падтрымае тых, хто страціў сваіх блізкіх і свае дамы, і благаславіць тых, хто аказвае дапамогу”, - сказаў Пантыфік.

Папа нагадаў пра беатыфікацыю мексіканскага святара Мойзэса Ліра Серафіна, заснавальніка кангрэгацыі Місіянерак Любові Беззаганнай Марыі, які памёр у 1950 годзе, прысвяціўшы жыццё таму, каб дапамагаць людзям жыць у веры і любові да Пана. “Няхай яго апостальская руплівасць натхняе святароў на тое, каб бязмежна прысвяціць сябе духоўнаму дабру святога народа Божага”, - пажадаў Францішак.

Святы Айцец нагадаў, што 15 верасня 2024 года ў Італіі адзначаецца Дзень хворых на бакавы аміятрафічны склероз (БАС). Ён запэўніў хворых і іх сем'і ў сваёй малітве, а таксама заахвоціў даследчыкаў і валанцёрскія асацыяцыі працягваць іх дзейнасць.

“Не будзем забываць пра войны, якія акрываўліваюць свет. Я думаю пра змучаную Украіну, М'янму, думаю пра Блізкі Усход. Колькі нявінных ахвяр! Думаю пра маці, якія страцілі дзяцей на вайне. Колькі маладых жыццяў абарвалася! Думаю пра Герша Гольдберга-Паліна, знойдзенага мёртвым разам з пяццю іншымі закладнікамі ў Газе. У лістападзе мінулага года я сустракаўся з яго маці, Рахель, якая ўразіла мяне сваёй чалавечнасцю. Я разам з ёй у гэты цяжкі момант. Малюся за ахвяры і застаюся побач з усімі сем'ямі закладнікаў. Няхай спыніцца канфлікт у Палесціне і Ізраілі! Хай спыніцца гвалт, хай спыніцца нянавісць! Хай будуць вызваленыя закладнікі, перамовы працягнуцца і хай будуць знойдзеныя мірныя рашэнні”, - заклікаў Святы Айцец.

15 верасня 2024, 13:34