2020.11.18 ECONOMY OF FRANCESCO

Францішак: спрыяць больш гуманнай і этычнай эканоміцы

Любіць эканоміку, любіць працоўных, бедных, аддаючы перавагу тым, хто найбольш пакутуе, заахвоціў Папа ўдзельнікаў ініцыятывы Эканоміка Францішка, якіх 25 верасня 2024 года прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папа выказаў задавальненне з нагоды заснавання Фонду Эканоміка Францішка, які будзе падтрымліваць ідэалы больш гуманнай і этычнай эканомікі. Ён адзначыў прагрэс, дасягнуты ўдзельнікамі ініцыятывы за пяць гадоў, і заклікаў іх працягваць сваю дзейнасць, кіруючыся каштоўнасцямі, натхнёнымі Евангеллем і вучэннем святога Францішка Асізскага. Пантыфік працытаваў благаслаўлёнага Джузэпэ Таніёла, які пісаў, што грамадства выратуе "не дыпламат, не навукоўца і не герой, а святы, а хутчэй, грамадства святых".

Папа заклікаў маладых эканамістаў быць сведкамі, не баяцца і нястомна спадзявацца.

Быць сведкамі. Калі вы жадаеце, каб іншыя юнакі і дзяўчаты наблізіліся да эканомікі з вашымі ідэаламі, тымі, пад якімі мы падпісаліся ў Асізскім пакце 24 верасня 2022 года, то прыцягнуць іх павінна ваша жыццёвае сведчанне. Будзьце паслядоўныя ў сваім выбары, хоць паслядоўнасць сёння і не ў модзе! Будзьце ўдзячныя за вашы праекты і дасягненні. Не для таго, каб стаць вялікімі і магутнымі, а каб данесці многім іншым тое, што вы атрымалі, добрую навіну пра тое, што, натхняючыся Евангеллем, эканоміка можа змяніцца да лепшага”, - сказаў Францішак.

“Па-другое, не бойцеся. Паўтару тое, што казаў моладзі на СДМ ў Лісабоне: будзьце не адміністратарамі страхаў, а прадпрымальнікамі мары”, - адзначыў Папа, заклікаючы гасцей рэалізоўваць мары, не баяцца новых выклікаў, таму што Бог валодае гісторыяй.

“Па-трэцяе, нястомна спадзявайцеся. Ведаю, як цяжка прапаноўваць новую эканоміку ў сцэнарыі новых і старых войнаў, калі індустрыя зброі квітнее, забіраючы рэсурсы ў бедных. (…) Дэмакратыя знаходзіцца пад пагрозай, папулізм і няроўнасць растуць, а планета становіцца ўсё больш уразлівай. Няпроста, вельмі складана. Часам можа стварыцца ўражанне, што вы змагаецеся з ветракамі. У такія моманты ўзгадайце словы Езуса: "Не бойцеся". Ён дапаможа вам, і Касцёл не пакіне вас”, - запэўніў Святы Айцец.

“Смялей, дарагія сябры! Калі вы будзеце верныя свайму пакліканню, ваша жыццё будзе квітнець, вы зможаце распавесці дзецям і ўнукам выдатныя гісторыі. (…) Гэта таго варта, паверце: варта прысвяціць сваё жыццё таму, каб змяніць свет да лепшага”, - заахвоціў гасцей Францішак.

25 верасня 2024, 12:00