Благаслаўлёная Анна ад Езуса Благаслаўлёная Анна ад Езуса  (cem)

Францішак у Бельгіі здзейсніў беатыфікацыю Анны ад Езуса

29 верасня 2024 года, на пачатку святой Імшы на стадыёне імя караля Бадуэна ў Бруселі, Папа абвясціў благаслаўлёнай іспанскую кармелітку Анну ад Езуса (свецкае імя Ана дэ Лобэра Торэс).

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Згодна з парадкам літургіі, просьбу аб беатыфікацыі скіраваў арцыбіскуп Бруселя Люк Тэрліндэн. Затым пастулятар беатыфікацыйнага працэсу зачытаў кароткі жыццяпіс новай благаслаўлёнай. У адказ Францішак прамовіў на лацінскай мове формулу беатыфікацыі, што было прывітана гучнымі апладысментамі ўдзельнікаў святой Імшы. Пасля выканання спеву Laudate Dominum, арцыбіскуп Тэрліндэн і пастулятар падзякавалі Святому Айцу за беатыфікацыю.

Новая благаслаўлёная нарадзілася ў 1545 годзе ў горадзе Медзіна-Дэль-Кампа ў Іспаніі. Была глуханямой, рана стала сіратой. Яшчэ да пачатку манаскага жыцця склала абяцанне чыстасці. У 1570 годзе ўступіла ў кляштар кармелітак босых. Яе фармацыяй асабіста займалася святая Тэрэза Авільская.

Анна ад Езуса была знаёма з яшчэ адным вялікім кармеліцкім святым – Янам ад Крыжа. У 1588 яна ўпершыню выдала творы святой Тэрэзы Авільскай, падтрымлівала яе намаганні па рэформе кармеліцкага ордэна. Заснавала некалькі кляштараў на тэрыторыі Іспаніі, Францыі і Бельгіі. Памерла ў Бруселі ў 1621 годзе.

 

29 верасня 2024, 11:46