Вокладка кнігі "Мэтай з’яўляецца шчасце" Вокладка кнігі "Мэтай з’яўляецца шчасце" 

Пантыфік: Ян Павел ІІ прыцягвае да Хрыста сваім ладам жыцця

Папа напісаў прадмову да кнігі пад назвай Мэтай з’яўляецца шчасце (La meta è la felicità). На яе старонках утрымліваюцца 366 разважанняў Караля Вайтылы, многія з якіх публікуюцца ўпершыню.

Ян Глінскі

Паводле Францішка, святога Яна Паўла ІІ немагчыма пазнаць ва ўсёй паўнаце без пазнання Караля Вайтылы. “Трэба адкрыць яго асобу, справу, дзейнасць і навучанне як чалавека, святара, біскупа і кардынала, а таксама яго асаблівыя адносіны з моладдзю, яго бацькоўскае стаўленне да іх, а таксама драму яго жыцця, у якім ён страціў па чарзе ўсіх членаў сваёй сям’і”, - напісаў Пантыфік.

“Дадзены зборнік дазваляе нам акунуцца ў багацце чалавечых, душпастырскіх, тэалагічных і культурных талентаў аднаго з самых выдатных людзей мінулага стагоддзя. Святы Ян Павел ІІ па-ранейшаму застаецца крыніцай натхнення і прыцягвае людзей да Хрыста сваім стылем жыцця, глыбінёю навучання, а таксама здольнасцю быць блізкім да кожнага чалавека. У сённяшнім свеце, поўным трывог і непрадказальнасці, нам асабліва патрэбныя яго прыклад і бацькоўства”, - заўважыў у прадмове Папа.

Францішак выказаў надзею, што “старанна падабраныя” думкі Караля Вайтылы будуць спадарожнічаць чытачам кнігі кожны дзень на працягу года, і гэта прынясе багатыя плады дабра.

Кніга Мэтай з’яўляецца шчасце апублікавана італьянскім выдавецтвам Ares у супрацоўніцтве з Люблінскім каталіцкім універсітэтам (KUL). Тэксты згрупаваныя па тэмах: чалавек, сужэнства і сям’я, жыццё ў грамадстве, Касцёл і хрысціянства. Тэксты адабрала і пераклала на італьянскую мову ватыканістка Марына Олма.

Як напісаў ва ўступе да кнігі прафесар Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта ксёндз Міраслаў Каліноўскі, святар прафесар Вайтыла быў настаўнікам, які не навязваў свайго бачання і паважаў меркаванне іншых. Апублікаваныя разважанні адлюстроўваюць яго стаўленне да студэнтаў, да якіх ён быў блізкі як “настаўнік, духоўны айцец або спадарожнік падчас выездаў”.
 

27 верасня 2024, 09:41