Францішак завяршыў падарожжа ў Люксембург і Бельгію

Францішак завяршыў 46-е Апостальскае падарожжа, у рамках якога наведаў дзве краіны ў “сэрцы Еўропы” – Люксембург і Бельгію. Візіт працягваўся з 26 па 29 верасня 2024 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пасля святой Імшы і малітвы Анёл Панскі на стадыёне імя караля Бадуэна ў Бруселі Папа накіраваў на аўтамабілі на ваенную авіябазу Мельсбрук. Пасля кароткай цырымоніі развітання ён падняўся на борт самалёта A321 Neo бельгійскай авіякампаніі Brussels Airlines, на якім вылецеў у Рым.

Шлях з Бельгіі ў Італію, уключаючы пралёт над тэрыторыяй Германіі і Аўстрыі, зойме каля дзвюх гадзін. За гэты час у паветры будзе пераадолена 1229 кіламетраў. Падчас традыцыйнага брыфінгу на борце самалёта Папа адкажа на некаторыя пытанні журналістаў. Чакаецца, што каля 14.55 па сярэднееўрапейскім часе ён прызямліцца ў рымскім аэрапорце Ф’юмічына, адкуль адправіцца ў Ватыкан.
 

29 верасня 2024, 13:22