Францішак: любоў можа аздаравіць свет, бо мае карані ў Богу

Праз любоў да Бога і братоў распаўсюджваць паўсюль прыгажосць Евангелля Хрыста, - заклікаў Святы Айцец католікаў Папуа-Новай Гвінеі, з якімі сустрэўся 8 верасня 2024 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У 13.00 па мясцовым часе (у 5.00 па сярэднееўрапейскім) Францішак адправіўся з Порт-Морсбі ў партовы горад Ваніма, на паўночна-заходнім узбярэжжы краіны. Каталіцкае насельніцтва, якое складае каля 30 працэнтаў жыхароў Папуа-Новай Гвінеі, насяляе пераважна гэты рэгіён.

Палёт на ваенным самалёце Локхід C-130 Геркулес, прадстаўленым уладамі Аўстраліі, працягваўся каля дзвюх гадзін. За гэты час у паветры было пераадолена каля 990 кіламетраў.

Пасля прызямлення Францішак адразу накіраваўся на аўтамабілі да катэдральнага касцёла Святога Крыжа. На плошчы перад храмам, дзе прайшла сустрэча з мясцовымі вернікамі, высокага госця віталі традыцыйнымі танцамі і спевамі. Яго звароту папярэднічала прывітанне біскупа, пасля якога Папа выслухаў чатыры сведчанні, якімі падзяліліся катэхетка, дзяўчынка, законніца і сям’я вернікаў.

Святы Айцец звярнуў увагу на прыгажосць прыроды Папуа-Новай Гвінеі. Параўноўваючы яе з прыгажосцю Эдэмскага саду, ён заклікаў вернікаў жыць у еднасці і гармоніі з Богам і братамі, “паважаючы агульны дом і ахоўваючы адзін аднаго”. “Наша місія заключаецца ў тым, каб праз любоў да Бога і братоў распаўсюджваць паўсюль прыгажосць Евангелля Хрыста”, - сцвердзіў Францішак.

Пантыфік заахвоціў вернікаў падтрымліваць місіянераў і катэхетаў, якія адпраўляюцца абвяшчаць Божае слова ў найбольш аддаленыя часткі краіны, а таксама самім станавіцца місіянерамі ва ўласных сем’ях, на месцах вучобы і працы. Ён заклікаў мясцовых католікаў супольнымі намаганнямі перамагчы варожасць, падзелы, страхі, забабоны і магічныя практыкі, якія прысутнічаюць у грамадстве, а таксама “пакласці канец дэструктыўным паводзінам, такім як насілле, нявернасць, эксплуатацыя, ужыванне алкаголю і наркотыкаў – злом, якое знявольвае і робіць нешчаслівымі многіх нашых братоў і сясцёр таксама і тут”.

“Давайце будзем памятаць, што любоў большая за ўсё гэта, а яе прыгажосць можа аздаравіць свет, бо мае свае карані ў Богу. Будзем жа распаўсюджваць і абараняць яе, нават калі гэта будзе каштаваць нам непаразуменняў і супраціву”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў вернікам, што самым вялікім скарбам краіны з’яўляюцца іх сэрцы. “Гэта самы каштоўны скарб, якім вы можаце падзяліцца і які можаце зрабіць вядомым, праславіўшы Папуа-Новую Гвінею не толькі разнастайнасцю флоры і фаўны, прыгожымі пляжамі і чыстым морам, але перш за ўсё добрымі людзьмі, якіх тут можна сустрэць”, - сказаў Францішак, асаблівым чынам звяртаючыся да дзяцей. “Вы самы цудоўны вобраз, які той, хто вяртаецца адсюль, можа забраць з сабой і захаваць у сэрцы”, - дадаў ён. На заканчэнне сустрэчы Пантыфік заклікаў мясцовых католікаў усё больш і больш упрыгожваць сваю зямлю прысутнасцю Касцёла, які любіць.
 

08 верасня 2024, 07:24