Пантыфік манаскім супольнасцям: верна ісці за Езусам
Марыя Валодзіна - Vatican News
У сваёй прамове да Кангрэгацыі Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі, Папа нагадаў аб тым, што манаская супольнасць паклікана ісці за Езусам, а не кіравацца чалавечай логікай ці інстытуцыйнымі патрэбамі. Гэта заўсёды прадугледжвае ўважлівае слуханне Святога Духа і вернасць Хрысту.
Пантыфік падкрэсліў, што, падобна вучням, члены кангрэгацыі “пакліканы прыслухоўвацца да голасу Езуса, паглыбляць сузіранне і быць здольнымі адчуваць і абвяшчаць любоў Бога”, асабліва праз малітву і служэнне найбольш патрабуючым.
Толькі ідучы за Хрыстом з вернасцю і паслухмянасцю, а таксама распаўсюджваючы сваю духоўную і гістарычную спадчыну, кангрэгацыя зможа пазнаць новую вясну, якая асвятліць яе харызму. Папа пажадаў законнікам і законніцам, каб Найсвяцейшыя Сэрцы Езуса і Марыі заахвоцілі іх на пошукі ўсё новых і новых форм сведчання Евангелля і служэння Богу.
Святы Айцец заклікаў гасцей уважліва прыслухоўвацца да волі Божай і рабіць рашучыя крокі, каб ісці за Хрыстом: не толькі ведаць і вывучаць Яго вучэнне, але і весці адпаведны лад жыцця.
Напрыканцы зварота Францішак запэўніў кангрэгацыю ў сваёй блізкасці і малітве, і пажадаў, каб у іх сэрцах “узмацнілася жаданне жыць разам з Езусам і заставацца вернымі харызме”.
У прамове да Сясцёр Боскага Збаўцы Папа заклікаў надоўга спыняцца ў малітве і браць прыклад з Марыі: мала гаварыць, больш слухаць і захоўваць ў сэрцы Слова Божае, каб быць апосталамі надзеі ў свеце, якому яна вельмі патрэбна. Святы Айцец заахвоціў госцяў, як Марыя, "паказваць іншым Езуса, а не саміх сябе, таму што для ўсіх, сёння і заўсёды, адзіная надзея – гэта Пан".