Пантыфік прыбыў у Бельгію

Францішак распачаў другую частку свайго падарожжа ў краіны Бенілюкса. У 19.10 па сярэдняеўрапейскім часе самалёт з Папам на борце прызямліўся на авіябазе Мельсбрук у 12 кіламетрах ад Бруселя.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падчас цырымоніі прывітання ваенны аркестр выканаў у гонар Францішка кароткі ўрачысты гімн Aux Champs, якім у Бельгіі прынята вітаць кіраўнікоў дзяржаў. Затым Пантыфік праехаў на вазку уздоўж ганаровай варты, напрыканцы якой яго сустрэлі бельгійскія манархі – кароль Філіп і каралева Мацільда. Дзеці ўручылі Папу кветкі.

Пасля выканання дзяржаўных гімнаў і прадстаўлення членаў афіцыйных дэлегацый, Святога Айца прывітаў спевамі дзіцячы хор. З аэрапорта Пантыфік накіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Бруселі, якая стане яго рэзідэнцыяй на час прабывання ў Бельгіі.

27 верасня Францішак здзейсніць візіт ветлівасці да бельгійскіх манархаў у Лакенскім палацы, сустрэнецца з прэм’ер-міністрам краіны, звернецца да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, а таксама наведае Лёвенскі каталіцкі ўніверсітэт, які ў наступным годзе будзе святкаваць сваё 600-годдзе.

28 верасня запланаваны сустрэчы Святога Айца з духавенствам, моладдзю і мясцовымі езуітамі, а 29 верасня – урачыстая Эўхарыстыя, пасля якой Папа прамовіць малітву Анёл Панскі. Пасля гэтага ён вернецца ў Рым.
 

26 верасня 2024, 19:35