Пантыфік прыбыў з афіцыйным візітам ва Усходні Тымор

9 верасня 2024 года каля 14.10 па мясцовым часе (8.10 па беларускім часе) у міжнародным аэрапорце імя Прэзідэнта Нікалау Лабату ў сталіцы Усходняга Тымора, горадзе Дзілі, прызямліўся самалёт з Папам на борце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Самалёт спыніўся ў спецыяльна адведзенай для цырымоній зоне аэрапорта. Адразу пасля гэтага на борт самалёта паднялiся апостальскі нунцый і кіраўнік пратакола краіны, каб павітаць Папу. Святы Айцец пакінуў самалёт з дапамогай спецыяльнага ліфта для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Ля трапа Пантыфіка сустрэлі прэзідэнт і прэм'ер-міністр Рэспублікі. Двое дзяцей у нацыянальных строях уручылі яму кветкі і традыцыйны тыморскі шалік, вядомы як таіс. Прамовы падчас гэтай часткі цырымоніі не прадугледжваліся.

Затым адбылося афіцыйнае прывітанне, якое ўключала ў сябе агляд ганаровай варты і абмен прывітаннямі з афіцыйнымі дэлегацыямі. Пасля гэтага прэзідэнт, прэм'ер-міністр і Францішак накіраваліся ў VIP-залу аэрапорта для кароткай гутаркі.

Францішак распачаў візіт ва Усходні Тымор

Па шляху да VIP-залы Папу віталі 14 чалавек у традыцыйных строях, якія прадстаўлялі 14 муніцыпалітэтаў краіны. Гэта сімвалічнае прывітанне ад усяго народа Усходняга Тымора.

Пасля завяршэння размовы кіраўнікі дзяржавы развіталіся з Святым Айцом. У 14.40 па мясцовым часе ён выехаў з аэрапорта ў бок апостальскай нунцыятуры, якая знаходзіцца на адлегласці 6 кіламетраў ад аэрапорта. Там была арганізавана часовая папская рэзідэнцыя.

Візіт Пантыфіка мае вялікае значэнне для Усходняга Тымора – пераважна каталіцкай краіны. Падчас свайго знаходжання Святы Айцец правядзе шэраг сустрэч з мясцовымі вернікамі і афіцыйнымі асобамі, а таксама прамовіць гамілію на ўрачыстай Імшы з удзелам тысяч вернікаў.
 

09 верасня 2024, 07:59