На плошчы святога Пятра падчас малітвы Анёл Панскі На плошчы святога Пятра падчас малітвы Анёл Панскі  (AFP or licensors)

Пантыфік: смутак па ахвярах тэрору і заклік да экалагічнасці

1 верасня 2024 года Францішак выступіў з традыцыйным зваротам пасля малітвы Анёл Панскі. Ён закрануў некалькі важных касцёльных і грамадскіх тэм.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа пачаў з паведамлення пра беатыфікацыю Яна Гаўліка, семінарыста Кангрэгацыі Місіі, заснаванай святым Вінцэнтам дэ Полем. Гэта адбылося ў горадзе Шашцін у Славакіі. Ян Гаўлік быў забіты ў 1965 годзе падчас пераследу Касцёла камуністычным рэжымам у тагачаснай Чэхаславакіі. Святы Айцец адзначыў, што стойкасць семінарыста ў сведчанні веры ў Хрыста павінна стаць натхненнем для тых, хто і сёння сутыкаецца з такімі ж выпрабаваннямі.

Далей Францішак з болем распавёў пра трагічныя падзеі ў Буркіна-Фасо. 24 жніўня 2024 года ў камуне Барсалогу адбыўся тэрарыстычны напад, у выніку якога загінулі сотні людзей, у тым ліку жанчыны і дзеці. Многія былі паранены. Пантыфік рашуча асудзіў напад і выказаў спачуванне ўсёй краіне і сем'ям ахвяр. Ён папрасіў Дзеву Марыю дапамагчы народу Буркіна-Фасо знайсці мір і бяспеку.

Папа таксама згадаў пра няшчасны выпадак у марыйным санктуарыі ў горадзе Рэсіфі ў Бразіліі, памаліўшыся за ахвяр і іх сем'і.

Францішак нагадаў пра Сусветны дзень малітвы за абарону стварэння. Ён заклікаў усіх – ад устаноў да асобных людзей – да канкрэтных дзеянняў па ахове нашага агульнага дома, падкрэсліўшы, што крык параненай Зямлі становіцца ўсё больш і больш трывожным і патрабуе рашучых і неадкладных дзеянняў.

Пантыфік таксама паведаміў, што 2 верасня 2024 года ён пачынае апостальскае падарожжа па некаторых краінах Азіі, і папрасіў вернікаў маліцца за плённасць гэтай паездкі.

На заканчэнне Францішак павітаў прысутных на плошчы святога Пятра, пажадаў усім добрай нядзелі, папрасіў не забывацца маліцца за яго.
 

01 верасня 2024, 12:54