Пантыфік: спрыяць шматмоўнай адукацыі дзеля міру і дыялогу
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец выказаў духоўную блізкасць арганізатарам і ўдзельнікам сусветнай канферэнцыі ЮНЕСКА, прымеркаванай да Міжнароднага дня пісьменнасці. Форум праходзіць з 9 па 10 верасня 2024 года ў сталіцы Камеруна Яўндэ. Яго сёлетняя тэма: Садзейнічанне шматмоўнай адукацыі: пісьменнасць для ўзаемаразумення і міру.
У пасланні, скіраваным за подпісам кардынала П’етра Параліна, Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы, адзначаецца, што Апостальская Сталіца цэніць намаганні ЮНЕСКА па прасоўванні шматмоўнасці, якая садзейнічае развіццю чалавека, асабліва ў такіх сферах, як гнуткасць розуму, адкрытасць і адаптацыя да іншых культурных рэалій, а таксама спрыяе дыялогу, уменню слухаць і пасрэднічаць.
“Паліглоты часта запатрабаваны, бо, акрамя ўмення разумець і размаўляць на некалькіх мовах, яны часта дэманструюць лепшыя аналітычныя здольнасці, лёгкасць у камунікацыі і сацыялізацыі, а таксама лепшыя кагнітыўныя здольнасці. Таму паліглоты ў большай ступені гатовы ацаніць багацце іншых культур, нават тых, якія далёкія ад іх уласнай”, - падкрэсліваецца ў папскім пасланні.
Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца заўважыў, што мова – гэта фундаментальны інструмент камунікацыі паміж людзьмі і народамі. “Дапамагчы людзям і будучым лідарам авалодаць большай колькасцю моў – значыць даць нашаму чалавецтву будаўнікоў мастоў, здольных станавіцца вышэй за забабоны, адметнасці, антаганізм і палярызацыю, каб зрабіць прыярытэтам дыялог і сустрэчу; гэта значыць даць нашаму свету людзей, якія ўмеюць звяртацца не толькі да розуму, але і да сэрца суразмоўцы, незалежна ад таго, ці гэта партнёр, ці сапернік”, - напісаў ён.
“У чарговы раз Папа настойліва заклікае палітыкаў, работнікаў сферы адукацыі і шырокую грамадскасць ацаніць важнасць пісьменнасці для будавання адукаванага, братэрскага, салідарнага і мірнага грамадства”, - дадаў кардынал Паралін, падкрэсліваючы, што, ідучы па слядах Яна Паўла ІІ, Францішак спадзяецца, што “людзі, пазбаўленыя ад страху і пагроз узброеных канфліктаў, якія могуць насіць апакаліптычны характар, навучацца ўмацоўваць повязі братэрства паміж сабой дзякуючы сродкам камунікацыі, якія прапануе нам сучасная цывілізацыя”.