Пантыфік сустрэўся з кіраўніцтвам Сінгапура
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дзень Папы пачаўся раніцай з пераезду ў Parliament House. У 9.00 па мясцовым часе адбылася ўрачыстая цырымонія прывітання, на якой Францішка сустрэў прэзідэнт Рэспублікі Сінгапур Тарман Шанмугаратнам. Цырымонія ўключала традыцыйныя элементы: ганаровую варту, выкананне гімнаў, аддаванне гонару сцягам і прадстаўленне дэлегацый.
Асаблівым момантам стала цырымонія найменавання архідэі (Orchid Naming Ceremony) – унікальная традыцыя Сінгапура для ганаровых гасцей. Нядаўна выведзены новы гатунак гэтых кветак атрымаў назву Dendrobium His Holiness Pope Francis.
Пасля афіцыйнай часткі Святы Айцец правёў прыватную сустрэчу з прэзідэнтам Шанмугаратнамам у Temasek Room. Яна мела вялікае значэнне для ўмацавання дыпламатычных сувязей паміж Святым Пасадам і Сінгапурам.
Далей у праграме візіту была размова з прэм'ер-міністрам Сінгапура Лоўрэнсам Вонгам. Падчас яе абмяркоўваліся пытанні міжнароднага супрацоўніцтва, сацыяльныя праблемы і перспектывы развіцця адносін.
Пасля гэтых важных перамоў Францішак накіраваўся ў Нацыянальны ўніверсітэт Сінгапура для сустрэчы з мясцовымі ўладамі і прадстаўнікамі грамадства.
Чакаецца, што на працягу свайго візіту Папа закране такія важныя тэмы, як міжрэлігійная гармонія, сацыяльная справядлівасць і глабальныя выклікі.