Пантыфік у найбуйнейшай мячэці Азіі пра ўзаемапавагу і дыялог

5 верасня 2024 года Францішак наведаў мячэць Істыкляль у інданезійскай Джакарце, дзе выступіў з прамовай на міжрэлігійнай сустрэчы. Гэта найбуйнейшая мячэць у Азіі, і візіт Пантыфіка стаў важнай падзеяй у дыялогу паміж рэлігіямі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваёй прамове Папа падкрэсліў важнасць узаемапавагі і гармоніі паміж рэлігіямі. Ён адзначыў, што мячэць Істыкляль з'яўляецца не толькі месцам малітвы, але і "вялікім домам для ўсяго чалавецтва", дзе кожны можа спыніцца, каб задумацца і шукаць сустрэчы з боскім.

Папа ўспомніў цікавы факт: мячэць была спраектавана хрысціянскім архітэктарам Фрыдрыхам Сілабанам. Гэта, па словах Францішка, сведчыць пра тое, што ў гісторыі і культуры Інданезіі месцы культу з'яўляюцца прасторай для дыялогу і ўзаемапавагі паміж рэлігіямі.

Асаблівую ўвагу Пантыфік надаў Тунэлю сяброўства – падземнаму пераходу, які злучае мячэць Істыкляль з катэдральным касцёлам Унебаўзяцця Маці Божай. Ён назваў гэта красамоўным знакам таго, што два вялікія месцы культу не проста стаяць насупраць адно аднаго, але і злучаны паміж сабой.

Францішак заклікаў прысутных працягваць ісці па шляху ўзаемаразумення і супрацоўніцтва, падкрэсліўшы, што ўсе разам, кожны ў сваёй духоўнасці і рэлігіі, могуць спрыяць пабудове адкрытага грамадства, заснаванага на ўзаемнай павазе і любові.

Папа даў два галоўныя наказы: заўсёды глядзець углыб, бо толькі там можна знайсці тое, што аб'ядноўвае нас нягледзячы на адрозненні, і клапаціцца пра сувязі паміж людзьмі і рэлігіямі, ствараючы адносіны, у якіх кожны адкрываецца іншаму.

Напрыканцы сваёй прамовы Святы Айцец падзякаваў інданезійцам за іх адкрытасць і здольнасць гарманізаваць адрозненні. Ён заклікаў захоўваць гэты дар і перадаваць яго маладому пакаленню, каб ніхто не паддаваўся спакусе фундаменталізму і насілля, а наадварот, усе былі захоплены марай пра свабоднае, братэрскае і мірнае грамадства і чалавецтва.
 

05 верасня 2024, 05:17