2019.05.14 Robotica  e Intelligenza artificiale - Conferenza organizzata dall' Accademia Pontificia delle Scienze

Пантыфік заклікаў да этыкі штучнага інтэлекту і ўвагі да экалогіі

На важныя пытанні сучаснасці, у тым ліку ўплыў чалавечай дзейнасці на прыроду і развіццё штучнага інтэлекту, звярнуў увагу акадэмікаў Святы Айцец.

Марыя Валодзіна - Vatican News

З-за лёгкага грыпу і ў якасці меры перасцярогі перад апостальскім падарожжам у Бельгію і Люксембург папскія аўдыенцыі, запланаваныя на 23 верасня 2024 года былі адмененыя. Гасцям былі ўручаны тэксты загадзя падрыхтаваных зваротаў.

У прамове да ўдзельнікаў пленарнай асамблеі Папскай акадэміі навук Францішак звярнуў увагу на ўсё большую занепакоенасць “глыбокім уплывам чалавецтва на прыроду і зямныя сістэмы”. Ён нагадаў, што адзін з акадэмікаў, Паўль Крутцэн, увёў тэрмін антрапацэн для апісання сучаснай эпохі, якую характарызуе значны ўплыў чалавека на прыроду. Драматычнымі наступствамі антрапацэну сталі кліматычны крызіс і страта біяразнастайнасці.

Значная частка прамовы была прысвечана пытанням развіцця штучнага інтэлекту. Пантыфік адзначыў, што прагрэс у гэтай галіне можа быць карысным для чалавецтва, напрыклад, у медыцыне, ахове навакольнага асяроддзя і устойлівым выкарыстанні прыродных рэсурсаў у святле змены клімату. Аднак ён можа мець і сур'ёзныя негатыўныя наступствы для насельніцтва, асабліва для дзяцей і найбольш уразлівых. Папа заклікаў “прызнаць і прадухіліць рызыкі маніпулятыўнага выкарыстання штучнага інтэлекту для фарміравання грамадскай думкі, уплыву на спажывецкі выбар і ўмяшання ў выбарчыя працэсы”.

Францішак падкрэсліў, што тэхналагічныя распрацоўкі, якія не вядуць да паляпшэння якасці жыцця ўсяго чалавецтва, а наадварот, пагаршаюць няроўнасць і канфлікты, не могуць лічыцца сапраўдным прагрэсам. Ён заклікаў да большай увагі і вывучэння ўплыву штучнага інтэлекту на асобныя народы і міжнароднае супольніцтва.

Напрыканцы прамовы Папа падкрэсліў важную ролю навукоўцаў у справе глабальнага міру і міжнароднага супрацоўніцтва, асабліва ў час, калі свет сутыкаецца з крызісамі, войнамі і пагрозамі бяспецы. Ён падзякаваў акадэмікам за іх удзел і заклікаў на іх шчодрае Божае благаслаўленне.

23 верасня 2024, 10:31