Пантыфік: вернасць місіі патрабуе гатоўнасці да абнаўлення

Каб заставацца вернымі місіі, трэба смела ўступаць на шлях абнаўлення, у паслухмянасці Духу і давяраючы Божаму провіду, - падкрэсліў 14 верасня 2024 года Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican Newss

Пантыфік сустрэўся ў Ватыкане з ўдзельнікамі пілігрымкі, арганізаванай ордэнам Рэгулярных клерыкаў Боскага провіду – манаскай кангрэгацыі, членаў якой называюць тэатынцамі. Ён нагадаў, што менавіта 500 гадоў таму, 14 верасня 1524 года, святы Каэтан Ціенскі і яго паплечнікі склалі ўрачыстыя абяцанні ў базіліцы святога Пятра, што стала пачаткам гэтага ордэну, заснаванага з мэтай спрыяння абнаўленню Касцёла, адзінству і служэнню.

Пантыфік адзначыў, што базіліка святога Пятра ў той час уяўляла сабой вялікую будаўнічую пляцоўку: старажытны храм, узведзены ў эпоху імператара Канстанціна, больш не адпавядаў патрэбам Божага народа, таму яго разбіралі, каб збудаваць новы.

“Праца ішла павольна, сродкаў не хапала, і нават не было поўнай яснасці адносна праекту. І ўсё ж да працы прыступілі, бо супольнасць расла, а ранейшай структуры ўжо не было дастаткова. Гэты вобраз дапамагае нам задумацца над тым, што для таго, каб заставацца вернымі нашай місіі, неабходна смела ўступаць на шлях абнаўлення: застаючыся ўгрунтаванымі на старым, але ў той жа час, гатовымі разбурыць тое, што больш не патрэбна, каб збудаваць нешта новае (пар. Лк 5, 36-39), у паслухмянасці Духу і давяраючы Божаму провіду”, - сказаў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што на будаўніцтве базілікі святога Пятра працавалі многія славутыя творцы, здатныя рамеснікі і шматлікія рабочыя, мужчыны і жанчыны, якія аб’ядналі свае намаганні, каб даць жыццё новаму будынку. “Таксама і гэта важны знак: насамрэч, гасцінны дом нельга пабудаваць у адзіночку, але толькі разам, у супольнасці, цэнячы ўклад усіх”, - сцвердзіў ён.

Пантыфік заўважыў таксама, што самыя цудоўныя задумы пры будаванні ватыканскай базілікі, маглі б застацца нерэалізаванымі, калі б людзі не закасалі рукавы і не ўзяліся за працу. “Добрыя намеры застаюцца бясплоднымі, калі мы не пачынаем канкрэтным чынам служыць адзін аднаму, з пакорай, добрай воляй і духам ахвярнасці”, - сказаў Папа, нагадваючы, што Езус прыйшоў, менавіта, каб служыць і аддаць жыццё.

“Дарагія браты і сёстры, давайце паглядзім наколькі прыгожая гэта базіліка. А потым, давайце паглядзім адзін на аднаго і ўзгадаем, што будынак, у якім знаходзімся – гэта сімвал: рэальнасцю з’яўляемся мы. 500 гадоў таму вашы заснавальнікі прысвяцілі сваё жыццё не пляцоўцы цэглы і мармуру, а жывым камяням – Касцёлу з вялікай літары, нявесце Хрыста, Божаму народу і містычнаму целу Пана. Дзеля яго дабра, кожны з іх ахвяраваў сабой да канца, даўшы жыццё справе, якая, пасля стагоддзяў вернасці, сёння даверана вам”, - падкрэсліў Францішак.
 

14 верасня 2024, 10:55