Пантыфік на агульнай аўдыенцыі: не даваць нагоды д’яблу

Д’ябал – не метафара, ён сапраўды існуе і ўваходзіць у жыццё людзей праз забабоны і кепскае выкарыстанне тэхналогій, у прыватнасці праз парнаграфію ў інтэрнэце, - нагадаў Папа падчас 500-й агульнай аўдыенцыі свайго пантыфікату, якая прайшла 25 верасня 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак адзначыў у катэхезе, што пасля хросту ў Ярдане Бог скіраваў Езуса ў пустыню, дзе Ён павінен быць супрацьстаяць спакусам д’ябла. Хрыстус, “паслухмяны натхненню Святога Духа”, пайшоў туды і, вызваліўшыся ад д’ябла, вярнуўся ў Галілею, дзе з моцай Святога Духа аздараўляў людзей і вызваляў іх ад злых духаў.

Пантыфік заўважыў, што сёння мы назіраем дзіўны феномен, звязаны з д’яблам: “на пэўным культурным узроўні лічыцца, што яго проста не існуе”, што ён з’яўляецца толькі сімвалам ці метафарай. Але “самая вялікая хітрасць д’ябла – прымусіць людзей паверыць, што яго не існуе”, - сцвердзіў Папа, цытуючы французскага паэта Шарля Бадлера.

“Наш тэхналагічны і секулярызаваны свет кішыць чараўнікамі, акультызмам, спірытызмам, астролагамі, прадаўцамі загавораў і амулетаў, і, на жаль, сапраўднымі сатанінскімі сектамі. Выціснуты за дзверы, д’ябал зноў увайшоў, можна сказаць, праз акно. Выгнаны верай, ён зноў уваходзіць з забабонамі”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што наймацнейшы доказ існавання сатаны даюць не грэшнікі ці апантаныя, а святыя, бо менавіта ў іх жыцці д’ябал змушаны выходзіць на адкрытую прастору, станавіцца “супраць святла”. “У большай ці меншай ступені ўсе святыя і вялікія вернікі сведчаць аб сваёй барацьбе з гэтай цёмнай рэальнасцю, і нельга шчыра лічыць, што ўсе яны памыляліся ці былі ахвярамі забабонаў свайго часу”, - дадаў Папа.

“Бітва з духам зла выйграецца так, як Езус выйграў яе ў пустыні: Божым словам”, - сказаў Францішак, заклікаючы ніколі не ўступаць у дыялог з д’яблам. “Святы Пётр прапануе і іншы сродак, у якім не меў патрэбу Езус, але маем патрэбу мы – пільнасць: “Будзьце цвярозымі, чувайце. Праціўнік ваш, д’ябал, як леў кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці (1 П 5,8). А святы Павел кажа: “Не давайце месца д’яблу” (Эф 4,27), - нагадаў Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што пасля таго як Хрыстус на крыжы назаўжды перамог уладу “князя гэтага свету” (Ян 12,31), д’ябал, – як кажа адзін айцец Касцёла, – “прывязаны, як сабака на ланцугу; ён не можа нікога ўкусіць, акрамя тых, хто, адважваючыся на небяспеку, падыходзіць да яго... Ён можа брахаць, можа заклікаць, але не можа ўкусіць, акрамя тых, хто гэтага жадае”.

“Сучасныя тэхналогіі, акрамя мноства станоўчых рэсурсаў, якія варта шанаваць, таксама прапануюць незлічоныя сродкі, каб “даць нагоду д’яблу”, і многія на гэта трапляюцца”, - сказаў Папа, згадваючы, у прыватнасці пра небяспеку парнаграфіі ў інтэрнэце, “за якой стаіць квітнеючы рынак”. Францішак падкрэсліў, што гэта шырока распаўсюджаная з’ява, якая знішчае жыццё людзей і таму трэба сцерагчыся яе і рашуча змагацца з ёй.

“Усведамленне таго, што д’ябал дзейнічае ў гісторыі, не павінна бянтэжыць нас”, - падкрэсліў Пантыфік, нагадваючы, што “Хрыстус перамог д’ябла і даў нам Святога Духа, каб мы зрабілі Яго перамогу нашай уласнай”. “Само дзеянне ворага можа абярнуцца нам на карысць, калі з Божай дапамогай мы прымусім яго служыць нашаму ачышчэнню”, - сказаў Папа, заклікаючы вернікаў прасіць дапамогі ў Святога Духа ў гэтай духоўнай барацьбе.
 

25 верасня 2024, 09:45

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >