Удзельнікі Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне. Ілюстрацыйнае фота Удзельнікі Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Папа на СДМ-2024: ідзіце па жыцці як пілігрымы, а не як турысты

Хрысціянскае жыццё – гэта пілігрымка да Бога, - нагадаў Папа ў пасланні на 39-ы Сусветны дзень моладзі, які будзе адзначацца на дыяцэзіяльным узроўні 24 лістапада 2024 года, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Тэма звароту Святога Айца, абнародаванага ў Ватыкане 18 верасня 2024 года, натхнёная словамі прарока Ісаі (пар. 40,31): Тыя, хто спадзяецца на Пана, ідуць нястомна.

На пачатку паслання Пантыфік выказаў блізкасць моладзі, якая плаціць самы высокі кошт жыцця ў часы, “пазначаныя драматычнымі сітуацыямі, што спараджаюць роспач і не дазваляюць нам глядзець у будучыню са спакойнай душой: трагедыяй вайны, сацыяльнай несправядлівасцю, няроўнасцю, голадам, эксплуатацыяй чалавека і стварэння”.

Жыццё – пілігрымка да Бога

Папа заклікаў юнакоў і дзяўчат не апускаць рукі і памятаць, што наша жыццё – гэта пілігрымка ў пошуку шчасця, “пілігрымка да Бога, нашага збаўлення і паўнаты ўсякага дабра”. Варта вырушыць у яе, а не проста “глядзець на жыццё з балкона”, - нагадаў Францішак.

“Дасягненні, заваяванні і поспехі на гэтым шляху, калі застаюцца выключна матэрыяльнымі, пасля першага моманту задавальнення ўсё адно пакідаюць нас ненасычанымі, прагнучымі больш глыбокага сэнсу; яны, насамрэч, не могуць цалкам задаволіць душу, бо мы створаны Тым, хто бясконцы, і таму ў нас жыве імкненне да трансцэндэнтнасці, пастаянная туга па спаўненні больш высокіх памкненняў”, - заахвоціў Папа.

Лепш быць стомленым на шляху, чым нудзіцца ў нерухомасці

Францішак заўважыў, што, пазбягаючы сур’ёзных выклікаў і запаўняючы жыццё мноствам пустых спраў, чалавек уваходзіць у нуду, якая ператвараецца ў “стан апатыі і незадаволенасці, уласцівы тым, хто ніколі не выходзіць у шлях, не вырашае, не выбірае, не рызыкуе, а аддае перавагу прабыванню ў сваё зоне камфорту, закрытасці ў сабе, бачачы і ацэньваючы свет з-за экрану, ніколі не “пэцкаючы рукі” праблемамі, іншымі людзьмі, жыццём”.

“Гэты від стомленасці нібыта цэмент, у які пагружаны нашы ногі, які напрыканцы становіцца цвёрдым, цяжкім, паралізуе нас і перашкаджае ісці далей. Я аддаю перавагу стомленасці тых, хто ідзе, чым нудзе тых, хто застаецца нерухомым і не мае жадання крочыць!”, - падкрэсліў Папа.

Надзея дае сілы працягваць шлях

Пантыфік адзначыў, што сродкам ад стомленасці ў жыцці з’яўляцца надзея. “Надзея перамагае ўсякую стому, усякі крызіс і ўсякую трывогу, даючы моцную матывацыю, каб ісці наперад”, - сказаў ён, нагадваючы, што надзея з’яўляецца дарам, які Бог нам дае, каб мелі сілы працягваць шлях да мэты, нягледзячы на цяжкасці.

Святы Айцец запэўніў моладзь, што Бог суправаджае яе на шляху і ўмацоўвае сваімі дарамі, у першую чаргу Эўхарыстыяй. У моманты стомленасці варта звяртацца да Яго, “вучыцца адпачываць як Езус і ў Езусе”. Пантыфік падкрэсліў, што крызісы могуць стаць важным часам для духоўнага росту, ачышчэння душы і пазбаўлення ад фальшывых надзей.

Стаць пілігрымамі, а не турыстамі на жыццёвым шляху

Францішак заклікаў моладзь стаць пілігрымамі, а не турыстамі на жыццёвым шляху. “Гэта значыць, што ваш шлях не павінен быць толькі павярхоўным пераходам праз жыццё, без асэнсавання прыгажосці таго, што сустракаеце, без адкрыцця сэнсу пройдзеных дарог, ловячы толькі кароткія моманты, мімалётныя досведы, якія можна захаваць у сэлфі. Так робяць турысты. Пілігрым жа цалкам занураецца ў месцы, якія наведвае, прымушае іх прамаўляць, робіць іх часткай свайго пошуку шчасця”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа пажадаў, каб Юбілей 2025 года быў часам духоўнага падарожжа для моладзі, падзеяй жывой і асабістай сустрэчы з Панам, якую варта пражыць з удзячнасцю, у пошуку і з пакаяннем.

Дапамагчы іншым маладым людзям адчуць любоў Бога

Спасылаючыся на форму каланады плошчы святога Пятра ў Ватыкана, якая сімвалізуе Касцёл, што прымае ў абдымкі ўсіх сваіх дзяцей, Францішак заахвоціў моладзь перажыць Святы год як час прабывання ў абдымках міласэрнага Бога. “Прынятыя Богам і адроджаныя ў Ім, вы таксама станеце раскрытымі абдымкамі для многіх вашых сяброў і аднагодак, якія маюць патрэбу ў тым, каб праз ваша прыняцце адчуць любоў Бога Айца”, - запэўніў Святы Айцец.
 

17 верасня 2024, 12:53