Пантыфік моладзі: нам патрэбна палітыка працягнутай рукі

Пантыфік сустрэўся з інданезійскай моладдзю. Увечары 4 верасня 2024 года ён наведаў офіс Папскага фонда Scholas Occurentes у Джакарце – арганізацыі, якая спрыяе выхаванню новых пакаленняў у духу культуры сустрэчы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

На плошчы перад каталіцкім Домам моладзі Grha Pemuda, які дзейнічае ў сталіцы Інданезіі з 1918 года, Францішка прывіталі радаснымі спевамі і музыкай на традыцыйных інструментах каля 100 дзяцей з архідыяцэзіі Джакарты.

Святы Айцец сустрэўся з удзельнікамі адукацыйнага праекта Scholas Aldeas і правёў прыватную размову з кіраўніцтвам Фонда. Затым Папа змясціў апошні кавалачак у скульптуру Шматграннае сэрца, якая сімвалізуе культурную і рэлігійную разнастайнасць Інданезіі. Яна была створана моладдзю і ўпрыгожыць офіс Scholas Occurentes у Джакарце.

Падчас размовы з інданезійскімі студэнтамі Францішак згадаў пра некаторыя прынцыпы, якія маюць фундаментальнае значэнне для міру. Ён падкрэсліў, што рэальнасць павінна быць вышэйшай за ідэю, адзінства – важнейшае за канфлікт, а ўсё – мець прыярытэт перад часткай.

Святы Айцец заклікаў цаніць адметнасці, бо “калі б мы ўсе былі аднолькавымі было б сумна”. Ён адзначыў, што, будучы рознымі, важна ісці шляхам дыялогу, а не вайны. “Давайце будзем праводзіць палітыку працягнутай рукі, дыскутаваць, але разам”, - сказаў ён.

Пантыфік падарыў цэнтру абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам на руках, а на заканчэнне візіту пасадзіў дрэва і ўдзяліў прысутным сваё благаслаўленне, запэўніваючы, што яно тычыцца вызнаўцаў усіх рэлігій.

Офіс Scholas Occurentes у Джакарце стаў першым прадстаўніцтвам Папскага фонда ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Структура будзе прасоваць культуру дыялогу і міру, вельмі дарагую Святому Айцу.

04 верасня 2024, 12:33