Папа: нават на вайне ёсць мараль, якой трэба прытрымлівацца

Беатыфікацыя караля Бадуэна І, сексуальныя злоўжыванні ў Касцёле і сітуацыя на Блізкім Усходзе – тэмы размовы Папы з журналістамі на борце самалёта 29 верасня 2024 года, падчас яго вяртання з Бруселя ў Рым.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак заўважыў, што першы раз быў у Люксембургу і гэта краіна ўразіла яго сваёй ураўнаважанасцю і гасціннасцю.

Адно з пытанняў тычылася слоў Пантыфік ў падтрымку беатыфікацыі бельгійскага караля Бадуэна І, які адмовіўся падпісаць закон аб легалізацыі аборту і падаў у адстаўку, каб не рабіць гэтага. Францішак адзначыў, што гэта быў мужны ўчынак палітыка. “Гэты чалавек святы і працэс беатыфікацыі будзе працягвацца”, - сказаў ён. Папа нагадаў, што аборт – гэта забойства, а ўрачы, якія яго здзяйсняюць – наёмныя забойцы.

Адказваючы на пытанне пра выклік сексуальных злоўжыванняў у Касцёле, Пантыфік заўважыў, што ў Ватыкане ёсць адмысловая структура, якая займаецца вырашэннем гэтай праблемы. Ён спаслаўся на статыстыку, згодна з якой усяго 3 працэнты злачынстваў такога роду здзяйсняецца ў касцёльных структурах. На думку Папы, схільнасць да педафіліі – гэта псіхічнае захворванне, якое патрабуе лячэння і кантролю. “Нельга пакідаць вінаватага ў злоўжываннях свабодным у нармальным жыцці, з адказнасцю ў парафіях ці школах”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік пракаментаваў таксама сітуацыю на Блізкім Усходзе. Ён падкрэсліў, што “абарона павінна быць прапарцыянальнай нападу”. Калі яна становіцца непрапарцыянальнай, тады “выходзіць за межы маралі”, - лічыць Святы Айцец. “Нават на вайне ёсць мараль, якую трэба захоўваць”, - падкрэсліў Францішак.
 

29 верасня 2024, 17:11